Мікола Статкевіч застанецца пад наглядам міліцыі
Былы палітвязень атрымаў даведку аб вызваленні.
Пра тое, што Мікола Статкевіч застаецца пад наглядам міліцыі, ён расказаў сам у каментары Еўрарадыё.
“Падпадае пад нагляд. Там так напісана. Гэта толькі ў мяне так, у іншых хлопцаў няма (вызваленых палітвязняў. — Еўрарадыё). Мне пакуль не вядома дакладна, што гэта значыць. Мне трэба цяпер на працягу трох сутак з’явіцца ў РУУС і стаць на улік”, — расказаў Мікола Статкевіч.
Паводле інфармацыі Статкевіча, яму альбо прыйдзецца з’яўляцца па першым выкліку ў міліцыю, альбо абавязкова знаходзіцца дома ў пэўны прамежак часу (з 20.00 да 8.00, напрыклад). У абодвух выпадках былы палітвязень павінен будзе паведамляць у міліцыю пра свае перамяшчэнні, атрымліваць дазвол на замежныя паездкі.
Прызначыць прэвентыўны нагляд згодна з законам можа толькі суд. “Мне пра яго нічога не вядома. Указ аб памілаванні падпісаны 22 жніўня, 22 жніўня мяне і вызвалілі. Але, думаю, калі спатрэбіцца, то высветліцца, быццам гэты суд быў у суботу, 21-га чысла”, — кажа Статкевіч.
Мікола Статкевіч быў памілаваны кіраўніком краіны разам з яшчэ пяццю палітвязнямі ў суботу 22 жніўня. За кратамі ён правёў 4 гады і 8 месяцаў.