Міліцыя не дала пратэстантам пахрысціцца на пляжы ў Смалявічах

У Смалявічах міліцыянты ўмяшаліся ў абрад хрышчэння, які праводзілі вернікі царквы хрысціян веры евангельскай “Божая ласка”. Інцыдэнт здарыўся 15 жніўня на цэнтральным пляжы Смалявіцкага вадасховішча. Як паведаміў БелаПАН адказны сакратар “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Дзяніс Садоўскі, на пляжы сабралася некалькі дзясяткаў вернікаў-пратэстантаў. Апроч іх там прысутнічалі пяць чалавек, якія проста прыйшлі на пляж адпачыць.

Прыкладна апоўдні да вернікаў падышоў міліцыянт і пасля высвятлення сітуацыі склаў на пастара царквы адміністратыўны пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Міліцыянт збіраўся даставіць пастара ў апорны пункт, у той час як вернікі пачалі пераапранацца, каб пакінуць месца, дзе ім не далі зладзіць абрад.

Міліцыянт звязаўся па рацыі з калегамі. Неўзабаве на беразе з’явілася яшчэ трое праваахоўнікаў, імаверна, мясцовае міліцэйскае начальства. Яны паразмаўлялі з пастарам і дазволілі вернікам зладзіць хрышчэнне, калі яны адыдуць крыху далей ад пляжа.

Вернікі “Божай ласкі” адышлі прыкладна на паўкіламетра і працягнулі абрад. Міліцыя назірала за гэтым здалёк.

Пакуль невядома, што будзе з пратаколам, складзеным на пастара.

Фота: wikimapia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі