Мінгандлю: Цэны ў рэкламе мусяць указвацца ў двух фарматах
Міністэрства гандлю паведамляе, што з 1 ліпеня па 31 снежня бягучага года на рэкламнай прадукцыі цэны на тавары, работы і паслугі мусяць указвацца ў двух фарматах — да дэнамінацыі і пасля яе.
У ведамстве падкрэсліваюць, што пісаць інфармацыю пра цэны і тарыфы ў рэкламе не абавязкова, але калі яна ўказваецца, тады яна мусіць быць “у грашовых знаках узору 2000 года і грашовых знаках узору 2009 года”.
Заканадаўства аб рэкламе не ўтрымлівае патрабаванняў да памеру шрыфта або месца размяшчэння інфармацыі пра цэны і тарыфы на прадукцыю або паслугі, але яна “павінна размяшчацца ў рэкламе такім чынам, каб магла быць успрынятая спажыўцамі рэкламы і адназначна зразуметая”, — паведамляюць у Мінгандлю.
У міністэрстве паведамляюць, што тлумачэнні ў рэкламе “ў старых цэнах” і “ў новых цэнах” — некарэктнае, бо кошты і (тарыфы) ў грашовых знаках ўзору 2000 года і грашовых знаках ўзору 2009 года — гэта адна і тая ж цана.