Мінгандлю збіраецца абараніць беларусаў ад дакучлівай рэкламы. Відэа
Гаворка ідзе найперш пра рэкламныя ўлёткі, якімі штодня засмечваюцца паштовыя скрыні грамадзян.
Міністэрства гандлю Беларусі збіраецца абараніць грамадзян ад дакучлівай рэкламы — улётак, якія штодня раскідваюцца па паштовых скрынях. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч:
"Мы пытанне ўжо прапрацавалі, нормы ў нас гатовы... Мы за забарону гэтай рэкламы. Спажывец павінен выбіраць, хоча ён гэты спам атрымліваць ці не. Аналагічныя забароны ў нас былі ўведзены ў рэкламе сотавых аператараў. Калі я не хачу па сотавым тэлефоне атрымліваць рэкламу, я падпісваюся: я не хачу! І ніхто не мае права мне навязваць, выбірае сам спажывец".
Паводле слоў Наркевіч, "усе органы прынялі ўзгодненае рашэнне" ў справе забароны рэкламы ў паштовых скрынях. Але калі забарона пачне дзейнічаць, пакуль невядома.
Дарэчы, пытанне "макулатуры" ў паштовых скрынях у апошнія гады неаднаразова ўздымалася ў СМІ. Адзін з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў заявіў, што інфармацыя ў рэкламных улётках можа быць непраўдзівай. Восенню мінулага года адбыўся кур'ёзны выпадак у Гомелі, калі ў адну паштовую скрыню было кінута 79 рэкламных улётак аб продажы акцый прадпрыемства. Цікава, што акцыі прадалі яшчэ за два месяцы да гэтага.
Фота: Onliner.by