Мінімум 5 кампаній не атрымалі грошы за будаўніцтва Палаца Незалежнасці?

У СМІ з'явілася інфармацыя, што за будаўніцтва Палаца незалежнасці дагэтуль не разлічыліся з кампаніяй "Ісакідзіс Гранітэс", якая займалася аздабленнем будынку гранітам і мармурам. Больш за тое, цяпер у кампаніі праходзяць дзяржаўныя праверкі, а супрацоўнікаў выклікаюць на допыты ў межах распачатай крымінальнай справы.

“Не магу сказаць, што гэта няпраўда! — ускосна пацвярджае інфармацыю дырэктар кампаніі. — Навошта мне распавядаць і злаваць усіх і ўсё!”

Па інтанацыі і нежаданні распавядаць можна зрабіць выснову, што ў беларускага лідара па апрацоўцы каменю цяпер усё вельмі няпроста.

Як высветліла Еўрарадыё, "Ісакідзіс Гранітэс" не адзіныя пераможцы тэндэраў, з якімі дагэтуль не разлічыліся. Нават смешныя 719 859 беларускіх рублёў за "пастаўку сантэхнічнага посуду" так і не аддалі ПГУП “Ф’южан Хаўз”. Прадукцыя кампаніі набываецца на Захадзе за валюту, а дзяржава вядзе разлік у беларускіх рублях. Па словах дырэктара, нават калі гэтыя грошы аддадуць, “Ф’южан Хаўз” застанецца “у мінусе”, бо адбылася дэвальвацыя.

Але гэта невялікія грошы. Мастацкі паркет на ўсе тры паверхі будынку, натуральна, каштуе больш. Яго пастаўляла расійская кампанія Аrtparquet.

“Такую інфармацыю мы разгалошваць не будзем, гэта нашы ўзаемаадносіны з замоўшчыкам і нас усё задавальняе”, — даволі доўгі і недакладны адказ для кампаніі, якая атрымала грошы!?

Пераможца тэндара на пастаўку шчылінных дожджапрымальнікаў кампанія "Дукор-строй" таксама адмаўляецца ад прамога адказу, хаваючыся за “камерцыйнай таямніцай”.

Супрацоўнікі толькі адной кампаніі, якая займалася аздабленнем Палаца Незалежнасці і не атрымала грошы, пагадзіліся пагаварыць больш падрабязна. Але пры ўмове застацца ананімнымі.

“Праблема ў тым, што Упраўленне капітальнага будаўніцтва яшчэ не перадало аб’ект Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню. Пакуль не здадуць, не жадаюць плаціць! Як выказаўся адзін з іх галоўных, "жадаем трымаць вас за горла", а то зараз заплацім, а вы потым саскочыце. А нам — здавай аб'ект як хочаш. Таму і не плацяць, хоць грошы нібыта ёсць”.

Варта адзначыць, што ёсць і тыя, з кім цалкам разлічыліся. І тут таксама прасочваецца пэўная заканамернасць. Атрымала грошы, напрыклад, кампанія “Цепламайстар плюс”, якая пастаўляла мультызанальныя сістэмы кандыцыянавання. Але яны былі субпастаўшчыкамі і з імі маглі разлічыцца тыя, хто іх наймаў. Усё атрымала і лідская кампанія “Каскад”, якая пастаўляла ў Палац Незалежнасці люстры. Дырэктар прадпрыемства нават здзівіўся пытанню і дадаў, што ніякіх прэтэнзій не мае.

Некалькі дзён размоваў з чыноўнікамі Мінгарвыканкама не далі нічога апроч перанакіроўвання ў Міністэрства фінансаў. Але там адказалі, што гэта ўжо не іх справа, а Мінгарвыканкама. Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне пацвердзіла, што цяпер адбываецца працэдура перадачы будынку Палаца Незалежнасці на іх баланс, але пра запазычанасці не чулі. У адміністрацыі прэзідэнта, якой пакуль належыць будынак, таксама пра гэтую праблему нічога не ведаюць.

Нагадаем, новы "палац Аляксандра Лукашэнкі" пачалі будаваць у 2011 годзе. Будаўніцтва вёў "Мінскпрамбуд", а замоўшчыкам аб'екта стала Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. Нядаўна ў новым прэзідэнцкім палацы адбыліся перамовы лідараў "нармандскай чацвёркі", якія цягнуліся 15 гадзін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі