Лямпачкі ў жырандолях Палаца Незалежнасці мяняюць з дапамогай пад'ёмніка
Жырандоля ў Палацы Незалежнасці ў Мінску / Тэлеграм-канал "Пул першага"
Каб працерці пыл і памяняць лямпачкі ў жырандолях, якія асвятляюць галоўны хол Палаца Незалежнасці, патрэбны пад'ёмнік. Адбываецца гэта так: пазалочаную жырандолю апускаюць да падлогі і ўздоўж яе ездзіць рабочы ў калысцы.
Фота працэсу апублікаваў тэлеграм-канал "Пул першага", блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта. "Кажуць, да раніцы справяцца", — заўважае пра рабочых ананімны аўтар тэлеграм-канала.
У Палацы Незалежнасці, адкрытым у кастрычніку 2013 года, як мінімум тры такія шыкоўныя жырандолі. Яны засвяціліся, напрыклад, у сюжэце тэлеканала АНТ аб экскурсіі ў раскошную рабочую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.
Зрэшты, як удалося выясніць Еўрарадыё, гэта не самыя складаныя жырандолі, якія ёсць у будынку.
"У палацы класічныя жырандолі. За выключэннем універсальнай залы, дзе авальны свяцільнік дзевяціметровы і зімовы сад — там складаная канструкцыя, — расказалі нам на лідскім прадпрыемстве "Каскад", дзе яны зробленыя. — [Нашы] трох-, пяціметровыя жырандолі — традыцыйнае рашэнне святлатэхнікі. Матэрыялы — натуральная латунь і пазалочаная латунь. Там выкарыстоўваўся чэшскі або аўстрыйскі хрусталь. Гэта горш за "Свароўскі", але лепш, чым робяць чэхі".
Кошт такой жырандолі залежыць ад складанасці ўстаноўкі і матэрыялаў. Сярэдні, для пяціметровай жырандолі, — 100 тысяч долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.