Палац Незалежнасці: айчынныя люстры з пазалотай па 100 тысяч долараў

"Там ніякіх чыста залатых вырабаў няма. Ёсць люстры з тонкім залатым пакрыццём. Яны зробленыя на прадпрыемстве "Каскад "у Лідзе. Ёсць, вядома, некалькі замежных люстраў”, — расказвае архітэктар мінскага палаца Незалежнасці Уладзімір Архангельскі пра ўбранства палаца ў інтэрв’ю naviny.by.

Еўрарадыё паспрабавала набыць такія ж люстры, як у палацы Незалежнасці ў лідскай кампаніі.

“У палацы класічныя люстры. За выключэннем універсальнай залы, дзе авальны свяцільнік дзевяцімятровы і зімовы сад — там складаная канструкцыя”, — апісваюць Еўрарадыё на прадпрыемстве асаблівасці заказу. Спыняемся на “класічных люстрах” з пазалотай.

“Трох-, пяцімятровыя люстры. Традыцыйнае рашэнне светлатэхнікі. Матэрыялы — натуральная латунь і пазалочаная латунь. Там выкарыстоўваўся чэшскі ці аўстрыйскі крышталь. Гэта горш за "Свароўскі", але лепш, чым робяць чэхі”, — працягваюць у лідскай кампаніі.

Кошт такой люстры залежыць ад складанасці устаноўкі і матэрыялаў, сярэдні, для пяцімятровай люстры — 100 тысяч долараў.

Лідскія люстры таксама гараць у Нацыянальнай бібліятэцы, міністэрстве замежных спраў….

Дываны “храма дзяржаўнасці” таксама айчынныя — з Віцебска.

“Дываноў квадратаў 300, звычайныя, з воўны. Каб па колеры падыходзілі. Там асабліва нічога такога не было”, — расказваюць Еўрарадыё вытворцы.

Пафарбавалі плот таксама беларускім матэрыялам. “Лакафарбавыя матэрыялы для афарбоўкі элементаў агароджы” закуплялі на “Брэстмаш”. Агулам на плот далі 230 мільёнаў рублёў, вынікае з сайта дзяржзакупак.

На сайце дзярзакупак Еўрарадыё знаходзіць таксама тэндэр на закупку трэнажораў для прэса, грудзі, а таксама бегавой дарожкі для палаца Незалежнасці. Гэтыя 9 трэнажораў аказваюцца фірмы Ketler ды польскіх вытворцаў.

“Стойка для пракачкі прэса, гантэльніца з гантэлямі. Трэнажор для згінання ног. Кошт быў амаль 100 мільёнаў, але цяпер будзе даражэй”, — адказваюць у гродзенскай фірме, дзе набывалася абсталяванне.

Відэльцы для кухні палаца Незалежнасці набываюць італьянскія, "Mepra". З другога боку, дзе знайсці дзесяць айчынных вёдзер для лёду ды нажніцы для цыгар...

Фота: belgazeta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі