Мінінфарм адказаў, за што заблакаваў сайты "Наша Ніва" і Naviny.by
Міністэрства інфармацыі даслала афіцыйны ліст, у якім патлумачыла, чаму заблакавала сайты Naviny.by і "Наша Ніва". Яго падпісаў міністр інфармацыі Ігар Луцкі.
Чыноўнік заявіў, што матэрыялы на гэтых сайтах "негатыўна характарызуюць сітуацыю ў Беларусі пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных органаў, у тым ліку праваахоўных".
На сайце Naviny.by чыноўнікам не спадабаліся дзевяць артыкулаў. У іх ліку называюцца наступныя:
"Звычайны чалавек не можа так бессэнсоўна і жорстка біць чалавека ні за што"
"Сука, расстаў ногі шырэй". Як на Акрэсціна збівалі і прыніжалі жанчын"
"Было адчуванне Хатыні — карнікі зачынілі". Як АМАП блакаваў Чырвоны касцёл"
У віну "Нашай Ніве" паставілі восем артыкулаў. У іх ліку называюцца наступныя:
"Забойства брэсцкага дэманстранта Генадзя Шутава: 10 пытанняў, на якія няма адказаў. Знайшлося відэа".
"Гук дубінак не забыць ніколі". Затрыманы мінчук зняў жудаснае відэа ў аўтазаку"
"Дзеянні сілавікоў нагадваюць зверствы фашысцкіх акупантаў". Зварот кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў"
"Як у кіно пра канцлагер". Чатыры гісторыі пра тое, як сілавікі збівалі і здзекваліся ў Віцебску"
"Сілавік з вядомага фота: я ратаваў хлопца, які быў пад алкаголем і наркотыкамі. Хлопец: ні слова праўды"
На думку чыноўнікаў, усе гэтыя артыкулы штучна ствараюць напружанне і супрацьстаянне паміж грамадствам і дзяржавай, зніжаюць матывацыю да эфектыўнай працы і гаспадарчай дзейнасці, распаўсюджваюць недакладную альбо свядома скажоную інфармацыю, здольную нанесці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцці патрыятызму, гатоўнасці грамадзян да ўзброенай абароные незалежнасці.
З гэтай прычыны доступ да сайтаў абмежаваны. А тэрмін, на які ўведзеныя абмежаванні, не ўказваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.