Міністр: Беларускія тавары павінны мець прыярытэтныя месцы ў крамах
Пра гэта заявіў міністр гандлю Валянцін Чаканаў.
Пашырэнне асартыменту беларускай прадукцыі — патрабаванне новага закона аб гандлі, які ўступіў у сілу. Цяпер на бачным месцы ў кожным гіпермаркеце павінен вісець асартыментны пералік, складзены на падставе табліц Мінгандлю па прынцыпе: чым большая крама, тым шырэйшы спіс у тым ліку і айчынных тавараў.
Вось што заявіў Валянцін Чаканаў у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1":
"Загадчык крамы абавязаны мець гэтыя тавары ў краме. Усё астатняе, што прывозіцца ў Беларусь з-за межаў, не забаронена. І яго можа быць у любой колькасці ў крамах, але з адной умовай. Беларускі тавар павінен мець прыярытэтныя месцы".
У Беларусі ў тавараабароце крыху больш за 70% айчынных тавараў. Для параўнання: ва Украіне — 54%, у Расіі — каля 56-ці.
Фота — sb.by