Міністр юстыцыі абыгрывае ўсіх у тэніс, а міністр працы бегае вакол дома

Пасля нечаканага прызнання намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніцы федэрацыі гарналыжнага спорту Наталлі Пяткевіч, што яна баіцца ездзіць з гары на лыжах, Еўрарадыё вырашыла дазнацца, якія жахі вытрымліваюць іншыя вышэйшыя чыноўнікі, якіх “нагрузілі” спартовымі федэрацыямі. Аказваецца, некаторыя міністры ўспамінаюць спартовыя перамогі дзяцінства, а міністр юстыцыі зайграў у тэніс на ўзроўні першаразрадніка, бо трэніруецца нават ў абедзенны час.
Старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч узначальвае федэрацыю веславання. Як расказала Еўрарадыё галоўны трэнер і генеральны сакратар федэрацыі Тамара Дулуп, галоўны банкір краіны лепш сябруе з грашыма, чым з акадэмічным веславаннем.

Тамара Дулуп: “Ён акадэмічным веславаннем не займаўся. А зараз у вольны час… У лодку мы яшчэ яго не пасадзілі”.

Па яе словах, пасля прызначэння Пятра Пракаповіча старшынёй федэрацыі шмат хто з супрацоўнікаў Нацбанка стаў цікавіцца, што ж гэта такое -- акадэмічнае веславанне. Але вяслярскі канал зараз ёсць толькі ў Брэсце, і ніхто з банкіраў туды спецыяльна на спаборніцтвы не ездзіць. Затое стала прасцей з фінансаваннем.

Тамара Дулуп: “Пэўныя сродкі з дазволу кіраўніка дзяржавы выдзяляюцца. Мы можам аплаціць унёскі ў міжнародную федэрацыю, дапамагчы чымсьці спартоўцам, прызы за паспяховы выступ на чэмпіянаце свету выдаем”.

Намеснік старшыні федэрацыі лёгкай атлетыкі Анатоль Бадуеў расказвае Еўрарадыё, што іх кіраўнік -- міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык -- у юнацтве займаўся скачкамі ў даўжыню і бегаў спрынт. А зараз для здароўя бегае вакол свайго дома.

Анатоль Бадуеў: “А навошта яму ісці ў залу? Напэўна, каля дома бегае. Ён заняты чалавек, і яму няма часу ў манеж ездзіць – ён далёка ад яго працы знаходзіцца”.

У апошні час шмат чыноўнікаў міністэрства зацікавіліся лёгкай атлетыкай і ходзяць на спаборніцтвы.

Анатоль Бадуеў: “У сувязі з тым, што ён стаў старшынёй федэрацыі, народ вельмі зацікавіўся. Калі я прыходжу ў міністэрства, усе цікавяцца і ведаюць, што і дзе ў нас адбываецца”.

Міністр гандлю Аляксандр Іванкоў (дарэчы, бацька знакамітага гімнаста Івана Іванкова) узначальвае асацыяцыю каноэ. Але яго прэс-сакратарка Алена Кавалёва катэгарычна адмовілася казаць, ці сядаў ён хоць раз у гэты плаўсродак.

Алена Кавалёва: “Без каментароў!”

Тое, што старшыня Камітэту дзяржбяспекі Юрый Жадобін добра валодае зброяй, Еўрарадыё не здзівіла. Але для біятлону, федэрацыю якога ён узначальвае, яшчэ неабходна і добра бегаць на лыжах. Што, па словах кіраўніка прэс-службы КДБ Валерыя Надтачаева, у яго таксама няблага атрымліваецца. Хоць самім біятлонам міністр ніколі не займаўся.

Валеры Надтачаеў: “Не чуў ад яго, што ён у мінулым займаўся біятлонам. Але, безумоўна, ён фізічна моцны і страляць умее. А да таго – усе вайскоўцы павінны ўмець бегаць на лыжах”.

Нягледзячы на тое, што які ўжо год запар старшыня КДБ кіруе біятлонам, чэкісты не пачалі масава запісвацца ў секцыі па гэтым відзе спорту.

Валеры Надтачаеў: “Масавых спаборніцтваў па біятлоне сярод чэкістаў не праводзіцца. Лыжы – іншая справа. На лыжах бегаем, страляем. Але гэта ўсё робіцца паасобку”.

Як даведалася Еўрарадыё, старшыня Мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі, які кіруе “Беларускім цяжкаатлетычным саюзам”, ніякіх адносінаў да гэтага віду спорта не мае. Галоўнага мытніка больш цікавіць… каратэ. Ён нават калісьці ездзіў на ўсесаюзныя спаборніцтвы. Пра гэта Еўрарадыё расказаў галоўны трэнер цяжкаатлетаў Аляксандр Ганчароў.

Аляксандр Ганчароў: “Ён увогуле каратыст і нядрэнна страляе з пісталета. А што тычыцца цяжкай атлетыкі, то гэта не яго від спорту”.

Галоўны трэнер шкадуе, што падначаленыя Шпілеўскага таксама не займаюцца штангай.

Аляксандр Ганчароў: “Цяжкая атлетыка – гэта спецыфічны від спорту. На жаль, не вельмі сёння папулярны не толькі ў нашай краіне. Таму сёння яны займаюцца толькі дапамогай нам”.

Генеральны сакратар федэрацыі стралковага віду спорта Юрый Архіпенка пра свайго кіраўніка міністра абароны Леаніда Мальцава ведае толькі, што той няблага валодае зброяй. Але прастрэленай ім мішэні не бачыў.

Юрый Архіпенка:
“Калі ён бывае на палігоне, то можа некалькі разоў стрэльнуць. А так у яго вельмі напружаны графік працы. Таму, з пункту погляду спартовай стральбы, яму займацца няма калі”.

Гадаць, колькі міністр можа “выбіць”, не стаў – забаяўся пакрыўдзіць неадпаведнай адзнакай.

І толькі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, па словах супрацоўніка федэрацыі хакею, “упэўнена стаіць на каньках і перыядычна бярэ ўдзел у гульнях”. Міністр даўно захапляецца гэтым відам спорту і раней гуляў на пазіцыі абаронцы. Па-другое, гэта любімы спорт прэзідэнта. І, як расказаў Еўрарадыё падначалены міністра па федэрацыі Яраслаў Заўгародні, часта міністр і прэзідэнт разам выходзяць на лёд.

Яраслаў Заўгародні: “Ён раней гуляў у хакей шмат, а зараз вельмі заняты на працы. Але перыядычна выходзіць на лёд. Але ён гуляе ў асноўным толькі з прэзідэнтам зрэдку. Толькі пра гэта, можа, не трэба пісаць”.

Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, па словах выканаўчага дырэктара федэрацыі настольнага тэнісу Валяціна Бараўка, усур’ёз настольным тэнісам ніколі не займаўся. Але пасля таго, як стаў старшынёй федэрацыі, увагі гэтаму віду спорту стаў надаваць значна больш – паставіў стол у міністэрстве, і зараз супрацоўнікі падчас абедзеннага перапынку граюць у настольны тэніс. Каманда Мінюсту сёлета нават выйграла спартакіяду па настольным тэнісе сярод супрацоўнікаў міністэрстваў і ведамстваў.

Валянцін Баравок:
“Каманда Мінюсту выйграла спартакіяду па настольным тэнісе сярод супрацоўнікаў міністэрстваў і ведамстваў. У абедзены перапынак і пасля працы і ён сам, і яго супрацоўнікі часта ў сябе гуляюць, каб далёка не ездзіць”.

Па яго словах, сёння міністр гуляе на ўзроўні першага дарослага разраду. І вельмі спадзяецца на добрыя вынікі тэнісістаў на Алімпіядзе ў Пекіне. Нават нібыта збіраецца туды наведацца. Але, як раней упэўніў Еўрарадыё віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта Генадзь Аляксеенка, ніводнага з міністраў – кіраўнікоў спартовых федэрацый – у афіцыйную дэлегацыю не ўключаць і ў Пекін не возьмуць. Давядзецца ім набываць “плацінавы тур” за 13 тысяч еўра. А гэта прыкладна гадавы заробак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі