Мінкульт канчаткова зацвердзіў дазвол на ўсталяванне помніку Касцюшку
Міністэрства культуры выдала канчатковы дазвол на ўсталяванне першага ў Беларусі помніка Тадэвушу Касцюшку — легендарнаму палкаводцу і дзяржаўнаму дзеячу.
Збор сродкаў на яго выраб адбываўся на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by. Паводле ініцыятара гэтага праекту Глеба Лабадзенкі, помнік ужо адліты і даводзіцца да ладу, робіцца пастамент. Цяпер чакаюцца паперы, якія дазволяць зрабіць падмурак.
Помнік мае з’явіцца на тэрыторыі музея ў вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна, дзе жыў Тадэвуш Касцюшка. Усталяванне планавалася на 4 лютага, аднак Лабадзенка не выключае, што яно будзе перанесенае на тыдзень-другі.
Праект падтрымалі 685 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць пазначаныя на спецыяльнай шыльдзе каля помніка.