Мінсельгас Расіі: Россельгаснагляд пагарачыўся наконт беларускай "малочкі"

Мінсельгас Расіі: Россельгаснагляд пагарачыўся наконт беларускай "малочкі"

Расія не будзе забараняць увоз усіх малочных прадуктаў з Беларусі, а таксама скарачаць аб’ёмы паставак. Такую заяву зрабіў міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў. Раней Россельгаснагляд дапусціў магчымасць абмежавання ўвозу для ўсёй беларускай “малочкі” з-за праблем з якасцю і бяспекай сухога малака. Гаворка вялася пра невыкананне нарматываў па ўтрыманні ў ім бялку.

На думку Ткачова, Россельгаснагляд “крыху пагарачыўся”, хоць і сапраўды паказаў за некаторыя недахопы асобных малочных прадуктаў з Беларусі. “Мы маем дэфіцыт па вытворчасці малака ў Расіі, тут без Беларусі нам будзе дастаткова няпроста”, — цытуе міністра ria.ru

Па словах кіраўніка расійскага ведамства, недахопы па асобных беларускіх прадпрыемствах у найкарацейшыя тэрміны выправяць, а іх прадукцыя вернецца на расійскі рынак.

Раней яго беларускі калега, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц заявіў, што ў Расіі можа фальсіфікавацца беларуская прадукцыя. Таксама ён паведаміў, што Беларусь экспартуе сухое малако ў розныя краіны і ніхто, апроч Расіі, не мае прэтэнзіяў да яго якасці.

Паводле звестак расійскага Нацыянальнага саюза вытворцаў малака, на долю Беларусі з пачатку 2016 года прыпадае 95% паставак усёй цэльнамалочнай прадукцыі — гэта 71,7 тысячы тон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі