Мінскага следчага, які ў знак пратэсту звольніўся з СК, затрымалі ў Пскове
Рапарт Андрэя Астаповіча / svaboda.org
Следчага з Беларусі Андрэя Астаповіча, які звольніўся з СК і заклікаў у сваіх сацсетках "выгнаць дыктатара", затрымалі ў Пскове, піша TUT.by.
Некалькі дзён таму Андрэй размясціў на сваёй старонцы ў Instagram фатаграфіі рапарта на звальненне з пазіцыі старэйшага следчага Партызанскага раённага аддзела СК.
"Усе мы не сляпыя, бачым праўду, як па месцах працы (якія паступаюць заявы грамадзян, паведамленні з бальніц, асабіста бачым пацярпелых, атрымліваем у іх паказанні, у іх сваякоў і блізкіх), так і з інфармацыі Сеткі інтэрнэт, — пісаў Андрэй Астаповіч. — Шмат у каго з нас былі незаконна затрыманыя знаёмыя, выкладчыкі, сябры, сваякі, якія распавядаюць ўсю праўду пра тое, што адбываецца ў папраўчых установах, у РУУС (РАУС), іншых месцах, дзе адбываліся здзекі над грамадзянамі.
... Маўчаць не буду, удзельнічаць ва ўтойванні злачынстваў не буду, злачынныя загады выконваць не буду, працягваць працу ў сілавым блоку не магу з прычыны неадпаведнасці маіх прынцыпаў з палітыкай. Прашу, калегі, апамятайцеся, выратуйце сілавы блок ".
Пасля апублікавання паста Андрэй з'ехаў у Маскву да сяброўкі Юліі. Там ён даў інтэрв'ю тэлеканалу "Дождж". Юлія распавяла TUT.by, што экс-следчы пасля гэтага планаваў з'ехаць з Масквы ў Латвію, ад былых калег Андрэя паступілі звесткі аб тым, што яго шукаюць.
У Латвію Андрэя Астаповіча не пусцілі з-за абмежаванняў на ўезд, звязаных з пандэміяй каранавіруса. У чацвер і пятніцу ў Пскове Андрэй з Юліяй вырашалі візавае пытанне праз латвійскае консульства — ім паабяцалі выдаць візу, па якой Андрэй змог бы перасекчы расійска-латвійскую мяжу.
Аднак у пятніцу ўвечары Андрэя затрымалі і даставілі ў аддзел пскоўскай паліцыі. Па некаторай інфармацыі, супраць Андрэя могуць пачаць адміністрацыйны працэс з-за яго перасячэння мяжы ў пандэмію. Яго сябры асцерагаюцца, што ён будзе дэпартаваны ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.