Мінскі гурт Harotnica выступіць на разагрэве ў The No Smoking Orchestra
Канцэрт гурта Эміра Кустурыцы адбудзецца 13 снежня ў сталічным Prime Hall.
У Беларусі фолк-гурт вядомага сербскага рэжысёра сыграе ўжо ў трэці раз. Але гэтым разам выступ адбудзецца ў сталічным Prime Hall, які ў адрозненне ад папярэдніх Палаца рэспублікі і ПК МАЗ дазваляе публіцы вольна танчыць. "Разагрэе" The No Smoking Orchestra беларускі гурт Harotnica, таксама вядомы, як "дэструктыўны пажарны аркестр з жаночым вакалам". Па словах музыкаў, Harotnica была абраная непасрэдна Эмірам Кустурыцай сярод заявак ад іншых гуртоў.
"Для нас вялікі гонар выступіць на адной сцэне з Эмірам. Я вялікая фанатка яго рэжысёрскіх прац. Думаю, канцэрт будзе гарачым і вясёлым", — кажа вакалістка гурта Валерыя Валадзько ў інтэрв'ю Ultra-music.
Гурт Harotnica нядаўна скончыў працу над дэбютным альбомам, якая вялася паўтары гады. Па словах Валерыі Валадзько, стылістычна альбом атрымаўся вельмі розным — знайшлося месца для ска, джаза, рэгі, панк-рока і нават “балканшчыны”. У тэкстах гурт па-ранейшаму апявае гаротную жаночую долю. Некалькі песень з новага альбома Harotnica ужо прэзентавала на Еўрарадыё ў выглядзе сінглаў — "Finka", "На краі" і "Невылечны".
Рэліз альбома запланаваны на снежань. Падчас прэзентацыі пласцінкі Harotnica плануе сабраць не толькі музычную тусоўку, але і мастацкую. Так, музыкі аздобяць канцэртную залу творамі тых мастакоў, з кім доўгі час сябруюць і чые мастацкія погляды падтрымліваюць. У выставе возьмуць удзел Жанна Капуснікава, Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Аляксей Хацкевіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза, Валік Благадаў, Мікалай Ярунін. Кожны з мастакоў праілюструе сваім творам адну з песень каманды, а таксама прадставіць гледачам іншыя карціны. Імпрэза адбудзецца ў мінскім клубе “ДК”.
Загалоўнае фота: dance-art-project.ru.