Harotnica прэзентуе новы сінгл і анансуе альбом

Гурт Harotnica скончыў працу над дэбютным альбомам. За паўтары гады, якія гурт працаваў у студыі “Осмос”, некаторыя песні змяніліся і па настроі, і па саундзе. На гэта паўплывалі і змены ў камандзе — музыкі запрасілі новага гітарыста, былога ўдзельніка сталічных гуртоў Avias і My Ocean Аляксандра Фунта. Як распавяла Еўрарадыё вакалістка каманды Валерыя Валадзько, першапачаткова Harotnica грала даволі складаную музыку, якую няпроста было зразумець “не музычнаму” вуху.

“Палова альбома запісаная ўжо з новым гітарыстам, таму гэтыя кампазіцыі атрымаліся больш цяжкімі, драйвовымі, з панк-рокавымі рыфамі. За гэтыя гады мы крыху спрасцілі матэрыял, зрабілі яго больш зручным для слухача, каб не толькі музыканты маглі паслухаць Harotnicu. Цяпер у нас з’явілася форма “прыпеў-куплет”, якой раней не было ўвогуле”, — распавядае Валерыя Валадзько..

Па словах Валерыі, стылістычна альбом атрымаўся вельмі розным — знайшлося месца для ска, джаза, рэгі, панк-рока і нават “балканшчыны”. У тэкстах гурт па-ранейшаму апявае гаротную жаночую долю. Адна з кампазіцый пласцінкі пераведзеная музыкамі на англійскую мову — для таго, каб і заходні слухач змог зразумець, пра што спявае гурт, тлумачыць Валерыя.

“Нават не ведаю, у які стыль Harotnicu запісаць, — разважае Валерыя Альтэрнатыўны рок з выкарыстоўваннем духавых? Каларыту нашай камандзе, вядома, дадае домра. Праўда, з-за гэтага нас часта хочуць і ў фолк запісаць, хоць у нас абсалютна аўтарская музыка”.

Некалькі песень з новага альбома Harotnica ужо прэзентавала на Еўрарадыё ў выглядзе сінглаў ("Finka" і "На краі"). Яшчэ адна новая песня, якую гурт вырашыў паказаць напярэдадні прэзентацыі, атрымала назву “Невылечны”. На напісанне гэтай кампазіцыі Андруся Такінданга, аўтара ўсіх тэкстаў Harotnicy, падштурхнула нечаканае знаёмства з хворым хлопчыкам у анкалагічнай лякарні ў Бараўлянах.

“Хлопчык страціў здароўе раптоўна. быў спартоўцам, вучнем, звычайным дзіцём і знянацку занядужаў. Малы ледзь рухаўся, а ўсё дзівіўся на маю кучаравую прычоску , распытваў пра ўсялякія дробязі, — распавядае Андрусь. – Я падумаў, што вось ён памірае, а цікавіцца нейкімі драбніцамі. Пасля нашага спаткання нарадзілася ''Перапёлка'' — песня-прысвячэнне дужа хвораму хлопчыку, які перажывае не за сваю смерць а за малую птушку. Але каб пазбегнуць фолкавых асацыяцый, песня ''Перапёлка'' стала называцца "Невылечны''".

Ілюстрацыя Руслана Вашкевіча да песні "Finka"

Рэліз альбома запланаваны на снежань. Падчас прэзентацыі пласцінкі Harotnica плануе сабраць не толькі музычную тусоўку, але і мастацкую. Так, музыкі аздобяць канцэртную залу творамі тых мастакоў, з кім доўгі час сябруюць і чые мастацкія погляды падтрымліваюць. У выставе возьмуць удзел Жанна Капуснікава, Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Аляксей Хацкевіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза, Валік Благадаў, Мікалай Ярунін. Кожны з мастакоў праілюструе сваім творам адну з песень каманды, а таксама прадставіць гледачам іншыя карціны. Імпрэза адбудзецца ў мінскім клубе “ДК”. Цяпер гурт актыўна шукае мецэнатаў, жадаючых падтырмаць выхад альбома і яго прэзентацыю. Таму калі вы жадаеце спрычыніцца да акту мастацтва, звяртайцеся на пошту [email protected]

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі