Мінскія вулічныя артысты з пераходаў пераедуць за горад
У музейным комплексе ў Дудутках пройдзе “Фестываль вулічных артыстаў”. Да музыкаў далучацца мімы, хадулісты ды клоўны.
“Натуральна, што для горада падобны фэст больш актуальны, — распавядае Еўрарадыё арганізатарка фэсту Дар’я Ільініч. — Аднак ў нас вялікая пляцоўка, прыродная, зялёная, і мы падумалі, што добра дадаць да вулічнай культуры гульняў на прыродзе. Наведвальнікі фэсту атрымаюць магчымасць пакідаць фрысбі, сыграць у твістар, зладзіць пікнік. А вулічныя музыкі будуць граць не толькі на звыклых для пераходаў гітарах, але і на джамбеях ды дудах”.
У фэсце возьмуць удзел 12 гуртоў і выканаўцаў. З яго удзельнікамі можна пазнаёміцца на адмысловай старонцы ў ВК. Па словах Дар’і Ільініч, гэта будуць выключна музыкі з пераходаў, якія граюць на добрым прафесійным узроўні. Да іх далучацца жанглёры, клоўны, хадулісты ды мімы.
Пачатак “Фестывалю вулічных артыстаў” 25 траўня ў 12 гадзін. Сезон оўпэн-эйраў у Дудутках працягне фестываль “Наш Грунвальд”, што пройдзе 19-21 ліпеня.
Фота: dudutki.by