Мінтранс: Прыватныя дарогі застануцца бясплатнымі для беларускіх легкавікоў

Мінтранс: Прыватныя дарогі застануцца бясплатнымі для беларускіх легкавікоў

Плату з беларускіх легкавікоў за праезд па прыватных дарогах браць не плануецца. Пра гэта ў інтэрв'ю tut.by заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Мінтранса Аляксандр Галаўнёў.

На пачатку красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла абноўлены Закон "Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці". Сярод іншага там прадугледжваецца перадача аўтадарог юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам у валоданне, карыстанне, у тым ліку ў бясплатнае карыстанне. 

Яшчэ ў 2015 годзе было вызначана, што адным з пілотных праектаў такога дзяржаўна-прыватнага партнёрства стане рэканструкцыя і ўтрыманне дарогі з Гомеля да Калінкавічаў (участак трасы М10).

Па словах Галаўнёва, прыватны партнёр прыйдзе на гэтую трасу ўжо сёлета. Пры гэтым дзяржава будзе кантраляваць, як прыватнік выконвае свае абавязкі. "Існуе спецыяльная шкала, у якой распісаны кожны від работ. За кожнае нясвоечасова выкананае заданне выплаты прыватнаму партнёру памяншаюцца", — тлумачыць спецыяліст. 

Пры гэтым прыватнік не мае права займацца ніякім відам эканамічнай дзейнасці на гэтым участку дарогі, акрамя яе будаўніцтва і ўтрымання.

Пытанню наконт платы з беларускіх аўтамабілістаў за праезд па прыватных дарогах прадстаўнік Мінтрансу вельмі здзвівўся: "Ніколі ні ў Мінтрансе, ні ў Мінфіне не абмяркоўвалася пытанне — браць плату з легкавых беларускіх аўтамабіляў. Уся сістэма платных дарог для краіны аднолькавая, і яна не зменіцца, тут усё роўна — у дзяржаўнай уласнасці дарога ці ў канцэсіі".

Спаганяць плату за праезд па прыватных дарогах, як і на іншых, будзе дзяржава. Гэтая плата разглядаецца як адна з крыніц вяртання грошай прыватніку, які ўкладае свае інвестыцыі ў рэканструкцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі