МНС папярэджвае пра небяспеку моцнага ветру і залеваў
Прагноз надвор’я на панядзелак неспрыяльны, таму варта памятаць аб правілах бяспечных паводзінаў.
У прыватнасці, ратавальнікі раяць аўтааматарам паркаваць машыны падалей ад дрэваў і слаба ўмацаваных канструкцыяў, а пешаходам у часе моцнага ветру абмінаць хісткія забудовы, дамы з няўстойлівым дахам.
МНС таксама нагадвае, што ў залеву лепей устрымацца ад паездак па горадзе, па магчымасці заставацца дома. Калі залева заспела вас на вуліцы, не трэба хавацца ад дажджу ў падземных пераходах ці іншых заглыбленых памяшканнях — іх можа вельмі хутка затапіць. Найлепей перачакаць непагадзь у будынках, якія стаяць вышэй за ўзровень падтаплення.
Калі залева заспела вас у асабістым транспарце, то не варта спрабаваць пераадолець падтопленыя ўчасткі. Трэба хутчэй перастроіцца ў крайні правы рад (на ўзбочыну) і без экстранага тармажэння спыніць рух, уключыць аварыйныя агні і перачакаць залеву. У выпадку, калі вада імкліва прыбывае, трэба выйсці з машыны і перачакаць на ўзвышаным участку мясцовасці або ў бліжэйшым будынку, перадае БЕЛТА.