Сотні паваленых дрэваў і разбураны цялятнік — МНС расказала пра панядзелкавую навальніцу
Наступствы непагадзі ў Бабруйску / МНС
У панядзелак, 29 чэрвеня, на паўднёвы ўсход Беларусі абрынулася навальніца з моцным парывістым ветрам.
У вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна стыхія абваліла цялятнік. Ратавальнікі дапамаглі разабраць завалы і вывесці з-пад іх 33 цяляці, якія, на шчасце, не пацярпелі.
У Гомельскім, Брагінскім і Рэчыцкім раёнах падраздзяленні МНС 29 разоў выязджалі, каб прыбраць 55 паваленых дрэваў.
30 населеных пунктаў Гомельшчыны заставаліся без электрычнасці. Больш за ўсё пацярпелі Гомельскі, Жлобінскі і Лоеўскі раёны. 30 чэрвеня ў 8:30 раніцы "Гомельэнерга" паведаміла, што падача электрычнасці на Гомельшчыне цалкам адноўленая.
Таксама стыхія разгулялася ў Бабруйскім раёне Магілёўшчыны. Там вецер паваліў 122 дрэвы. Былі пашкоджаныя 12 аўтамабіляў (11 — дрэвамі, адзін — сарваным лістом шыферу) і дахі двух будынкаў.
Звестак пра людзей, пацярпелых ад непагадзі, няма.