“Мутнаевока” – гэта космас, і сёння мы ў ім паляталі!”

Доўгачаканая прэм’ера ад “Мутнагавока”, падаецца, накрыла фанатаў каманды знянацку. Гурт, які даўно сабраў сваю армію прыхільнікаў, нечакана з’яўляецца перад паўпустой залай. “Усяму віной чэмпіянат і сесіі, якія ўжо пачаліся ў студэнтаў”, — абмяркоўваюць гледачы, заглядаючы ў флаеры-анонсы “Дня незалежнасці”, на якіх акуратна пазначана, што новая праграма “Мутнагавока” — “гэта і свята, і трагікамедыя”.

“Добрага вечара ўсім! Сёння ваш дзень, дзень вашай і нашай незалежнасці. Ён цалкам ваш, лавіце кожны момант! Сёння нішто не мусіць перашкаджаць. Будзе жорстка!” — папярэджвае са сцэны лідар гурта Яўген Змушка.

 

Але акурат да таго, што на канцэртах гурта як мінімум горача, прыхільнікі “Мутнагавока” даўно прызвычаіліся. Кожны канцэрт гурта — гэта адмысловае прывітанне гранжавым і гаражным 90-м. Ужо з трэцяй песні Яўген сам пачаў выцягваць гледачоў на сцэну, а тыя ў сваю чаргу ўдзячна скокалі ў натоўп. “Ну, што, тут спякотна? Каму не хапае паветра? — пытаецца Яўген і пачынае “амаль  народную” песню “Сэрца стук”.

Да альбома гурт рыхтаваўся не адзін год — дэбютная пласцінка каманды ўбачыла свет у 2010-м. Па словах Яўгена Змушкі, песні да яе падбіраліся не выпадкова, “песня да песні — як куля да кулі ў магазіне рэвальвера”. Але рок-опера  “Дзень незалежнасці” у такім выглядзе, у якім яна анансавалася музыкамі, мабыць, усё ж не прагучала —  недзе не хапіла рэпетыцый і матэрыял прагучаў сыравата, недзе падвёў гук.

“Я спадзяюся, што гэта будзе ўсяго толькі адпраўная кропка да таго самага прасвятлення і выхавання душы, якога мы ўсе чакаем. Мы вельмі многа ўнутранага і асабістага аддалі за гэты альбом. Гэта толькі першая старонка, я спадзяюся. Я да гэтага дня рыхтаваўся паўгода, і не ведаю, што будзе пасля яго. Заўтра прачнуся і вырашу, што рабіць далей”, — разважае Яўген Змушка.

Падчас канцэрта Яўген пераўвасабляецца ў розныя вобразы, шмат разважае. Акрамя песень з абодвух альбомаў, музыка чытае маналогі — відавочна, што яму ёсць, што сказаць і што прапанаваць. Музыкі “Мутнагавока” пасталелі і саспелі не толькі фізічна, але і перш за ўсё творча. Адкінуўшы ў бок юнацкі максімалізм часоў “Пошлага гламуру”, яны сталі больш разважлівымі і ўпэўненымі, не страціўшы пры гэтым сваёй пазнавальнай шчырасці і экспрэсіі. Яўген Змушка адначасова і актыўна кантактуе з залай, і знаходзіцца ў адмысловым трансе: нібыта распушчаны ў музыцы, ён нікога не бачыць і не чуе. Пазнавальны вакал, экспрэсія і дзея на сцэне, што змяняецца штохвілінна — лідара “Мутнагавока” немагчыма з кімсьці зблытаць. Ён намацвае сваю сцежку ўсімі сіламі душы, з усім энтузіязмам і ўсёй непрытомнасцю, на якія толькі здольная палкая маладосць, прагная да ўражанняў. 

Без перфомансаў і гістэрык па абодва бакі сцэны не абышлося і ў гэты раз. Бліжэй да сярэдзіны канцэрта Яўген раскалашмаціў нажом сядзенне крэсла, якое стаяла на сцэне, і кінуў у натоўп пер’е. А праз некаторы час распілаваў яго бензапілой на трэскі. 

“Гэта заўжды робіцца шчыра, нават калі раскалашмачваецца крэсла на сцэне. Гэта ўсё ад сэрца, за перфомансы нам ніхто не плаціць і яны не плануюцца загадзя. Паперла ў галаву, ды і ўсё. Шмат хто думае, што я выкаблучваюся ці з’яўляюся фанабэрлівым. Я раблю гэта не таму, што ад мяне нечага чакаюць ці каб выклікаць нейкае ўражанне ў публікі”. 

“Было вельмі здорава, экспрэсіі праз край! Было б яшчэ круцей, каб было больш людзей. Але мне падаецца, хлопцы далі рады, — распавядае адна з фанатак “Мутнагавока”, якая не прапускае ніводнага канцэрта гурта.  —  Я даўні фанат творчасці гурта, і магу сказаць, што гэты канцэрт — адзін з лепшых і дастойная прэзентацыя”.

“Для мяне самі хлопцы — гэта космас. А тое, што было сёння, гэта вышэй за космас. Я сёння выдатна ў ім палётаў”, — працягвае хлопец побач.

Развіталіся музыкі на дыска-ноце трэка “Апантаны” ды паабяцалі не знікаць надоўга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі