МВФ: Стабільнасць у Беларусі залежыць ад адносінаў з Расіяй
Знешняя і ўнутраная стабільнасць Беларусі могуць быць падарваныя, калі наша краіна не зможа ўрэгуляваць рознагалоссі з Расіяй па цэнах на энерганосьбіты. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе персаналу Міжнароднага валютнага фонду па эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Дакумент апублікаваны 21 верасня, перадае БелаПАН.
"Паніжэнне (павышэнне) цэн на энерганосьбіты можа знізіць (павысіць) тэмпы росту і ўзровень знешнеэканамічнай стабільнасці", — гаворыцца ў дакладзе.
Газавы канфлікт Беларусі і Расіі цягнецца ад пачатку 2016 года. Афіцыйны Мінск лічыць кошты на газ завышанымі і патрабуе справядлівай цаны. У сваю чаргу расійскі бок настойвае на тым, што Беларусь павінна плаціць па раней заключаных кантрактах.
Эксперты МВФ звяртаюць увагу на высокую ступень даларызацыі, неадпаведнасць валютнай структуры, абмежаваны доступ да валютнай ліквіднасці і значныя валавыя патрэбы ў знешнім фінансаванні, што складае каля 18 млрд долараў (35% ВУП). Гэта пагражае тым, што пры новым істотным зніжэнні курсе нацыянальнай валюты адбудзецца аслабленне карпаратыўных і банкаўскіх балансаў і ўзроўню даверу хатніх гаспадарак.
У кароткатэрміновых макраэканамічных перспектывах для Беларусі, на думку экспертаў, захаваецца эканамічны спад і ўстойліва высокі ўзровень інфляцыі.
Працэс аднаўлення беларускай эканомікі будзе ісці за аналагічным працэсам у Расіі, але са спазненнем.
Паводле прагнозаў МВФ, гадавы ўзровень інфляцыі ў Беларусі сёлета складзе 13%. Гэта амаль на 1 адсотак больш, чым летась. Павышэнне інфляцыі тлумачыцца пераважна зніжэннем абменнага курсу і павышэннем тарыфаў на камунальныя паслугі.