Мытнік Юркойць на судзе заявіў пра катаванні ў турме КДБ
У Партызанскім судзе Мінска трэці тыдзень працягваецца працэс над 11 мытнікамі Ашмянскай мытні, якіх вінавацяць у хабары. 6 снежня суд перайшоў да апытання сведкаў.
Адначасова працэсы ідуць над іншымі мытнікамі ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Мінскім абласным судах.
У Партызанскім судзе мытнік Алесь Юркойць заявіў пра фактычныя катаванні падчас следства ва ўнутранай турме КДБ (так званай "амерыканцы"), перадае Радыё "Свабода". Па словах Юркойця, ахоўнікі не давалі яму нармальна адпачываць, бо тры ночы запар грукалі дубінкамі ў дзверы камеры, сляпілі яго святлом. На яго думку, такім чынам на яго ціснулі, каб прызнаў віну.
Дарэчы, віны сваёй Юркойць так і не прызнаў. Ён заявіў, што меў непрыязныя адносіны з былым калегам Сяргеем Чэпіным, які паведаміў следству, быццам тройчы перадаваў грошы Юркойцю.
Як адзначаюць журналісты, следства інкрымінуе Юркойцю больш за 12 тысяч долараў хабару. Але ў справе згадваецца толькі пра тры выпадкі перадачы грошай, а гэта — прыкладна 1000 долараў. Адзін з назіральнікаў выказаў меркаванне, што следчыя проста падлічылі, колькі аўтамабіляў з кветкамі за пэўны час аформіў Юркойць, а доказы аб магчымых парушэннях пакуль не агучаныя.