Мытня вызначыць кошт вашых штаноў на мяжы... па каталогу рознічнага продажу

Еўрарадыё зацікавілася, як мытня будзе правяраць цану набытых за мяжой рэчаў. Мытня сама ацэніць кошт штаноў і сама іх з вас здыме. Вось-вось беларусам дазволяць правозіць праз мяжу без пошліны у пяць разоў меней — не на 1000 еўра, а ўсяго на 200. Ніякіх метадычных указанняў супрацоўнікі мытняў дагэтуль не атрымалі. Аднак новых механізмаў і не будзе.

Як кажа начальнік аддзела арганізацыі мытнага кантролю Брэсцкай мытні Алена Ажгірэвіч, нават сёння ў кожнага на мяжы могуць запатрабаваць цэннікі на набытую куртку.

Алена Ажгірэвіч: “У 503 указе прэзідэнта напісана: прадстаўляюцца дакументы, якія пацвярджаюць кошт”.

Калі цэннікі не захаваліся — вашая праблема. Мытнікі вызначаць кошт пакупак самастойна! Паводле слоў супрацоўніка Брэсцкай мытні, яны пры гэтым карыстаюцца... каталогамі рознічнага продажу. Альбо могуць узяць за прыклад падобныя тавары. Ніякія распродажы мытню не хвалююць — спрачайцеся, калі ласка.

Згодна са словамі кіраўніка прэс-службы Брэсцкай мытні Сяргея Малева, разбірацца будуць індывідуальна з кожным выпадкам. Не надта гэта суцяшае...

Сяргей Малеў: “Прызначэнне тавару вызначае мытня сыходзячы з таго, наколькі частыя паездкі, іншых абставінаў перасячэння чалавекам мяжы. У кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца індывідуальна з коштам тавару, яго дэклараваннем”.

Дарэчы, сёння, калі сума перасягне 1000 еўра, прыйдзецца заплаціць падатак — 30% ад кошту. Калі пакупкі ацэняць даражэйшымі за 10 тысяч еўра, плаціць прыйдзецца ажно 60%.
Мытнікі могуць палічыць прывезенымі з-за мяжы ўсе рэчы, якія знойдуць пры вас.

Таму начальнік аддзела арганізацыі мытнага кантролю Брэсцкай мытні Алена Ажгірэвіч раіць запоўніць дэкларацыю, калі пакідаеце Беларусь:

Алена Ажгірэвіч: “Выязджаеш з мабільным тэлефонам, фотаапаратам, з ноўтбукам, увесь абвешаны залатымі вырабамі, запішы ўсё гэта ў дэкларацыю — ніякіх праблем не будзе. Ніхто не перашкаджае задэклараваць любыя тавары, у кожнага ёсць такое права”.
Калі немагчыма пацвердзіць, што набывалі гэтую рэч дома, а не за мяжой, застаецца пакінуць яе мытні на захаванне. Мы можам прыняць іх на захаванне шляхам складання пратакола затрымання тавараў”.

Вярнуць гэтыя свае рэчы можна будзе толькі калі данясеце да мытні, напрыклад, чэкі з беларускіх крамаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі