У Беларусі аштрафавалі замежных музыкаў, якія прыляцелі па бязвізавым рэжыме

У Беларусі аштрафавалі замежных музыкаў, якія прыляцелі па бязвізавым рэжыме

Скандалам скончыўся бязвізавы прыезд у Беларусь для амерыканскіх піяністаў канадскага паходжання Анны Луіз Цюржон і Эдварда Цюржона (дуэт "DUO TURGEON"). Яны прыляцелі на фестываль "Duettissimo", карыстаючыся бязвізавым рэжымам, які беларускія ўлады ўвялі з 80 краінамі свету. Аднак няпоўныя пяць сутак памежнікі палічылі ім за шэсць дзён і аштрафавалі. Разам з білетамі, штрафам яны страцілі каля 3000 долараў. 

Гэты выпадак у сваім акаўнце на Фэйсбуку апісала салістка Белдзяржфілармоніі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Котава

Па яе словах, піяністы не змаглі вылецець запланаваным рэйсам, бо памежнікі не прапусцілі іх на самалёт. Цюржонам паведамілі, што яны парушылі закон аб пяцісутачным бязвізавым знаходжанні ў Беларусі. Праблемай стала розная сістэма падліку сутак.

Як запэўнівае Котава, з моманту прыбыцця гасцей у Мінскі аэрапорт да адпраўкі дадому прайшло роўна 4 сутак 17 гадзін. Але ў аэрапорце выявілася, што памежнікі лічаць не суткі, а дні. Паводле іх падліку, музыкі знаходзіліся ў Беларусі 6 дзён. "Я, вядома, не юрыст, але ў маім разуменні суткі і дні — гэта розныя паняцці. У сутках 24 гадзіны! Самае крыўднае, што пры падрыхтоўцы фестывалю мы меркавалі, што могуць узнікнуць пытанні з новым законам i, таму неаднаразова ўдакладнялі ў МЗС (і філармонія, і амбсада ЗША). Нас запэўнілі, што ўсё ў парадку! Але ў аэрапорце спасылаліся на нейкія дадатковыя тлумачэнні, якія былі імі атрыманыя для карэктнага падліку гэтых злапомных сутак", — піша Котава.

Сам дакумент з гэтымі тлумачэннямі памежнікі не паказалі. Амерыканскім музыкам давялося заплаціць штраф, аформіць візу і зноў купіць квіткі ў Таронта, бо яны спазніліся на свой самалёт.

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, з 12 лютага ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым з 80 краінамі. Іх грамадзяне могуць прыляцець праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск" і прабыць у Беларусі не больш за пяць сутак. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі