На адмене льгот сталічны транспарт зарабіў больш за 21 мільён долараў

Цяпер Мінсктранс прапаноўвае павысіць штрафы для “зайцоў” і вывучае магчымасць увядзення аўтаматызаванай сістэмы аплаты. Як даведалася Еўрарадыё, за 10 месяцаў гэтага года Мінсктранс прадаў праязных квіткоў амаль на 53 мільярды рублёў больш чым летась. Як паведаміла начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення “Мінсктранс” Ганна Міхайлоўская, усяго сталічны транспарт зарабіў на продажы талонаў і праязных 198 мільярдаў рублёў.

Ганна Міхайлоўская: “У нас павялічыліся даходы да ўзроўню мінулага года на гарадскіх перавозках на 36% або на 52,8 мільярда рублёў. Гэта аўтобус, тралейбус, трамвай, метро. Тут згуляла ролю і адмена льгот, і ўзмацненне кантролю за аплатай. За кошт узмацнення кантролю даходы выраслі, прыкладна, на 6,5 мільярдаў”.

Атрымліваецца, што дзякуючы адмене льгот Мінсктранс зарабіў больш за 46 мільярдаў рублёў або больш за 21 мільён долараў.

Што датычыцца ўзмацнення кантролю, то, паводле слоў Ганны Міхайлоўскай, цяпер у аўтобусах, тралейбусах і трамваях працуе каля тысячы кандуктараў. Але яны не ахопліваюць нават 30% транспарту. Яшчэ больш павялічваць іх колькасць не зусім выгадна, таму транспартнікі шукаюць іншыя магчымасці.

Ганна Міхайлоўская: “Разглядаем новыя метады, разглядаем аўтаматызаваную сістэму аплаты праезду, як у Маскве. Таксама неабходна ўзмацніць адказнасць за безбілетны праезд. Свае прапановы мы накіроўвалі. Таму што 0,2 базавыя, 7 тысяч, гэта вельмі нізкі ўзровень адказнасці”.

Між тым, “Мінсктранс” так і не дамовіўся з міліцыяй пра дапамогу ў барацьбе з зайцамі. Як паведамляла Еўрарадыё раней, праваахоўнікі некалькі гадоў таму не працягнулі кантракт з транспартнікамі. Цяпер кантралёр можа толькі папрасіць “зайца” пакінуць транспарт або скласці на яго пратакол, калі безбілетнік пагодзіцца. Спецыяльныя аўтобусы з міліцыяй і кантралёрамі на прыпынках так і не з’явяцца.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі