На аўкцыён выставілі гадзіннік ураджэнца Віцебска, які быў пасажырам “Тытаніка”
Электронная пляцоўка Heritage Auctions выставіла на продаж кішэнны гадзіннік ураджэнца Віцебска Сіная Кантора, які быў пасажырам “Тытаніка” і загінуў падчас крушэння карабля. Гэта гадзіннік дыяметрам 76,2 мм з адкрытым цыферблатам. Корпус выраблены з латуні з сярэбраным пакрыццём, а гадзіны пазначаныя габрэйскімі лічбамі. На задняй крышцы ёсць выява Майсея, які трымае скрыжалі з дзесяццю запаветамі.
34-гадовы Сінай Кантор і яго 24-гадовая жонка Мірыям плылі на “Тытаніку” з Саутгемптана ў Бронкс. Падчас крушэння Мірыям уратавалася і трапіла на шлюпку, з якой яе падабраў параход “Карпатыя”. Сінай жа патануў і пазней яго цела паднялі на борт іншага судна.
Сярод рэчаў Сіная знайшоўся і гэты гадзіннік, які спадкаёмцы выставілі на аўкцыён, пішуць “Народныя навіны Віцебска”.