Наскевіч распавёў пра вынікі экспертызы пасля эксгумацыі цела Коржыча

Наскевіч распавёў пра вынікі экспертызы пасля эксгумацыі цела Коржыча

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў пра вынікі судова-медыцынскай экспертызы пасля эксгумацыі цела салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў мінулай восенню ў Печах у 72-м вучэбным цэнтры. Эксгумацыі пасля азнаямлення з больш чым 30 тамамі крымінальнай справы дамаглася яго маці. Наскевіч сцвярджае, што вынікі такія ж, як і былі раней.

"Яна [экспертыза] пацвердзіла высновы першапачатковай экспертызы, у прыватнасці аб тым, што на целе памерлага нейкіх іншых цялесных пашкоджанняў, не звязаных з самапавешаннем не маецца", — цытуе словы старшыні Следчага камітэта БЕЛТА. Наскевіч падкрэслівае, што ўсе хадайніцтвы маці Аляксандра Коржыча былі задаволены ў поўным аб'ёме.

Як вядома, следства разглядала тры версіі: самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства. У выніку яно прыйшло да высновы, што мела месца давядзенне да самагубства. Траім сяржантам выставілі абвінавачанне ў "перавышэнні ўлады, якое пацягнула цяжкія наступствы" (арт. 455 КК), атрыманні хабару, паўторным атрыманні хабару, здзяйсненні крадзяжу. Іван Наскевіч падкрэсліў, што следства ўпэўненае ў правільнай кваліфікацыі. Паводле яго слоў, маладыя людзі "прызналі фактычны бок выстаўленага абвінавачання", але сцвярджаюць, што "не мелі намеру на такія цяжкія наступствы" і "не вінаватыя ў самагубстве радавога Коржыча".

У чацвер стала вядома, што справу Коржыча Следчы камітэт перадаў у пракуратуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі