Названыя пераможцы 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!
30 чэрвеня ў Мінску былі названыя пераможцы 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! Лаўрэатамі сталі 93 працы, яшчэ 2 атрымалі спецыяльныя прызы ад журы.
Сёлета 135 удзельнікаў падалі 285 заявак на ўдзел у фестывалі. Арганізатары адзначаюць, што колькасць заявак стала меншай, у параўнанні з мінулым годам і звязваюць гэта з агульным скарачэннем рынку рэкламы (на 30%).
Два гран-пры фестываля aDNaK! у намінацыях "Інтэрактыўная рэклама і дызайн" і “Грамадсказначныя праекты” атрымала праца "Мапа станаўлення Беларусі". Гран-пры ў намінацыі "Графічны і камунікацыйны дызайн" за афармленне кнігі казак Вільгельма Гаўфа атрымала мастачка Кацярына Дубовік.
Поўны спіс пераможцаў гл. тут.
Асноўныя мэты фестывалю — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы, каб беларускаарыентаваных прадуктаў было больш. Пра гэта распавяла каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі", якая займаецца арганізацыяй фестывалю, Алена Макоўская: "Хачу нагадаць пра асноўныя мэты. Гэта пашырэнне беларускай мовы ў рэкламе, каб беларускаарыентаваных праектаў было болей. І наш фестываль досыць сацыяльнаарыентаваны".