Някляеў хоча, каб замежныя назіральнікі сустрэлі ў Беларусі Новы год

У часе візіту міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага ў Беларусь лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Ўладзімір Някляеў папросіць у яго забяспечыць прысутнасць міжнародных назіральнікаў у нашай краіне і пасля заканчэння выбараў. Пра гэта ён распавёў карэспандэнту Еўрарадыё. Уладзімір Някляеў: “Што я хацеў бы папрасіць у Сікорскага? Таго ж, з чым я звяртаюся да ўсіх уплывовых палітыкаў Еўропы і Расіі: дапамажыце нам паўдзельнічаць у сумленных і справядлівых выбарах, дапамажыце іх нам забяспечыць, больш нічога не трэба. Перш за ўсё гэта – доўгатэрміновае назіранне. Прычым, назіральнікі павінны не толькі прыехаць за тыдзень да выбараў, але і каб яны ні ў якім разе не з’ехалі 19 снежня. А каб прабылі тут як мінімум тыдзень”.

Дарэчы, як прызнаўся Някляеў, менавіта да замежных палітыкаў ён звяртаўся з просьбай дапамагчы з празрыстымі скрынямі для галасавання. Нагадаю, днямі лідэр кампаніі “Гавары праўду!” паабяцаў забяспечыць такімі скрынямі ўсе выбарчыя ўчасткі краіны. З такой просьбай Някляеў, па яго словах, звяртаўся да парламентарыяў Літвы і Польшчы. Праўда, не ўдакладніў, якія атрымаў ад іх адказы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі