Пацярпелых у аварыі ва Украіне абследуюць брэсцкія медыкі

Першую групу пацярпелых з пяці чалавек у Брэст даставілі на рэанімабілях 12 ліпеня пасля 15.00. У выніку праведзенай нейравізуалізацыі ў двух хлопчыкаў 1997 і 1999 года нараджэння дыягнаставалі чэрапна-мазгавыя траўмы, у дзяўчынкі 1998 года нараджэння — удар шыйнага аддзелу пазваночніка. Хірургічнае ўмяшанне ім не спатрэбілася і дзяцей пакінулі ў абласной лякарні. Туды ж сёння пераведзеная і дзяўчынка 2001 года нараджэння, якая напярэдадні паступіла з чэрапна-мазгавой траўмай. Стан дзяцей адпавядае цяжкасці атрыманых траўмаў, інфармуе БЕЛТА.


 
У аддзяленнях рэанімацыі і траўматалогіі абласной лякарні знаходзяцца дзве жанчыны 27 і 40 гадоў, якія суправаджалі дзяцей у паездцы. Праходзяць абследаванне яшчэ шэсць чалавек, якіх даставілі з Украіны на аўтобусе сёння пасля 17.00, — пяць  дарослых і дзіця 2004 года нараджэння. Рашэнне аб іх шпіталізацыі прымуць у залежнасці ад стану іх здароўя. Усе пацярпелыя — мінчане.



Здарэнне адбылося раніцай 11 ліпеня пад украінскім горадам Ковель на Валыні. Там сутыкнуліся беларускі турыстычны і ўкраінскі маршрутны аўтобусы. Аўтобус з 50 пасажырамі-беларусамі (сярод іх — дзясяткі падлеткаў) ехаў на балгарскі курорт. Загінулі 8 чалавек (адно дзіця з Беларусі, 2000 года нараджэння), дзясяткі людзей атрымалі траўмы (25 з іх — грамадзяне нашай краіны).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі