Паганяйла: Міхалевіча могуць аб'явіць у вышук і патрабаваць экстрадыцыі

Паганяйла: "У дадзеным выпадку органы галоўнага пераследу могуць толькі змяніць меру стрымання зноў на ўзяцце пад варту. У сувязі з тым, што ён не ў Беларусі, аб'явіць яго ў нацыянальны вышук, а затым і ў міжнародны. І затым, калі ён аб'явіцца  якой-небудзь з краінаў, патрабаваць яго экстрадыцыі ў Беларусь па тых працэдурах, якія замацаваныя ў нашым заканадаўстве і міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь".

Па словах юрыста, у законах увогуле не прапісаная ніякая адказнасць за парушэнне падпіскі аб нявыездзе. Але Паганяйла нагадвае, што за тое, каб Міхалевіча выпусцілі з-пад арышту, паручаліся шараговыя беларусы.

Паганяйла: "Але тут трэба памятаць, што ў адносінах да Міхалевіча некаторыя грамадзяне выступілі паручальнікамі. І ў адносінах да паручальнікаў могуць быць прынятыя пэўныя меры".

Што праўда, выпускалі Міхалевіча не з прычыны хадайніцтваў грамадзянаў. Але, на думку эксперта, гэтая падзея можа падарваць сам інстытут паручальніцтва. У прыватнасці, фігурантаў “справы 19 снежня” могуць не выпускаць з-пад варты, спасылаючыся на прыклад Міхалевіча.

Аднак юрыст мяркуе, што ўчынак Міхалевіча не паўплывае на становішча Ірыны Халіп і Уладзіміра Някляева. 

Паганяйла: "Ірына Халіп і Уладзімір Някляеў знаходзяцца пад жорсткай аховай. Яны пад хатнім арыштам, і наўрад ці яны змогуць збегчы. Але ў нас быў прыклад, калі спадарыня Віннікава, былая старшыня Нацыянальнага банку, усё ж такі збегла ў адну з краінаў Захаду".

Уцёкі Міхалевіча — не першы і не адзіны ў нашай краіне выпадак, калі грамадзяне шукалі ратунку за мяжой, уцякаючы ад судовага пераследу.

Паганяйла: "Так, такія выпадкі былі, і іх дзясяткі. Людзі, не давяраючы справядлівасці нашых судоў і разумеючы, што яны будуць асуджаныя да пазбаўлення волі, беглі з краіны і шукалі палітычнага прытулку ў іншых краінах".

Паганяйла кажа, што палітычных уцекачоў назад у Беларусь Захад не выдаваў. Як прыклад ён згадвае бізнэсоўца Аляксандра Пупейку. Ад крымінальнага пераследу той збег у Польшчу, і польскія ўлады не выдалі яго, зыходзячы з палітычных матываў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі