Пакуль лідары баевікоў былі ў Мінску, у Данецку адбылася спроба перавароту
Пра гэта паведаміў "міністр дзяржбяспекі" самаабвешчанай "ДНР" Леанід Баранаў.
Паводле яго слоў, калі кіраўніцтва "рэспублікі" паехала на перамовы ў Беларусь, нехта Уладзімір Акінфееў паспрабаваў захапіць уладу ў Данецку. Ён адхіліў ад улады некалькіх "міністраў", на іх месца паставіў сваіх людзей. Таксама ён выпісаў ордэры на арышт шэрагу актывістаў "ДНР" ды пасадзіў у падвал сакратарку Баранава.
"Руская служба навінаў" звярнулася ў штаб "ДНР" за пацверджаннем інфармацыі, але яе там абверглі. Нічога не чулі пра "пераварот" і ў "Вярхоўным савеце ДНР".
Верагодна, гаворка ідзе не пра "Уладзіміра Акінфеева", а пра генерал-лейтэнанта Уладзіміра Анцюфеева. Каля 20 гадоў ён ачольваў КДБ непрызнанай рэспублікі Прыднястроўе, а пасля быў вымушаны з'ехаць у Расію. Адтуль ён і прыехаў у Данецк у пачатку ліпеня. Быў кіраўніком "сілавога блоку" тэрарыстаў, а пасля на нейкі час стаў "прэм'ерам" і "галоўнакамандуючым ДНР".
Фота — ria.ru