Памёр былы міністр сельскай гаспадаркі і палітвязень Васіль Лявонаў
Ён быў адкрытым апанентам дзеючай улады і выступаў з прапановамі рэфармаваць айчынную сельскую гаспадарку.
У нядзелю раніцай на 77-м годзе жыцця памёр былы міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў — паведамленні пра яго смерць з’явіліся з сацыяльных сетках.
Васіль Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 ў вёсцы Дубянец Касцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут механізацыі, а потым Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1984-1989 старшыня Мандатнай камісіі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
У 1991 на некалькі месяцаў прызначаны вядучым спецыялістам Галоўнага упраўлення эканамічных сувязяў з капіталістычнымі краінамі ў Маскве. Пасля забароны КПСС быў накіраваны гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Германію (1991-1994).
Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў Вячаслава Кебіча, аднак нягледзячы на гэта прыняў прапанову Аляксандра Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэферэндуму 1996 году, пасля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверкі.
Васіль Лявонаў паслядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаванні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаванне калектыўнай уласнасці, далучэнне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленне ад камандна-адміністрацыйных метадаў, што і сталася асноўнай прычынай яго арышту ў 1997 годзе.
Ён быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінеце. Экс-міністру былі выстаўленыя абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 — “крадзеж маёмасці ў асабліва буйных памерах”, арт. 169 — “атрыманне хабару” і арт. 213 — “незаконнае захоўванне баявых прыпасаў і зброі”.
На судзе Васіль Лявонаў сваёй віны не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зняволенне палітычнай справай, не верыць у справядлівасць суду, бо, па яго меркаванні, яго будзе судзіць не суд, а асабіста Аляксандр Лукашэнка. Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасці і пакараны 4 гадамі калоніі з канфіскацыяй маёмасці.
Васіль Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Стан яго здароўя падчас зняволення значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 года паводле амністыі.
У 2001 годзе ўзначаліў аргкамітэт руху “За новую Беларусь”. Лявонаў стаў адной з ключавых фігураў у працэсе абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года, нагадвае Радыё Свабода.
Фота: svaboda.org