Памёр герой "Чыстага мастацтва", мастак Захар Кудзін
Захар Кудзін
Памёр беларускі мастак Захар Кудзін. Яму было ўсяго 33 гады.
Пра смерць Кудзіна паведаміў рэжысёр Максім Швед. Мастак сыграў галоўную ролю ў яго фільме "Чыстае мастацтва", які цяпер ідзе ў мінскім пракаце.
Захар Кудзін нарадзіўся і жыў у Мінску. Займаўся скульптурай, жывапісам, дзіджытал-мастацтвам. Свой накірунак вызначаў як "нейра-арт":
"Я страціў зрок на адно вока, і калі гляджу левым вокам на прадмет, які дагэтуль не бачыў, і ён у мяне ў мазгу не зафіксаваны, дык гляджу на татальную абстракцыю. Нават не разумею, на што я гляджу.
Вось гэтая затрымка, паўза, якая ўзнікае, і дае ўяўленне пра нейкае амаль паралельнае вымярэнне, у якім я знаходжуся. Хоць гэта ўсё тая ж існуючая рэчаіснасць.
На падставе гэтага я сфарміраваў мастацтва: калі глядзіш на мае аб'екты, спярша не разумееш, на што ты глядзіш, і як гэта ўспрымаць ".
Захар паспеў правесці пяць персанальных экспазіцый. Выстаўляўся ў Беларусі, ЗША, Польшчы, Германіі. Прадстаўляў Беларусь на міжнародным біенале ў Пекіне. Удзельнічаў у мінскім фестывалі Vulica Brasil.
Фільм "Чыстае мастацтва" з ім у галоўнай ролі удзельнічаў у кінафестывалі "Лістапад" і атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на міжнародным фестывалі "АРТДОКФЕСТ" у Рызе.
Еўрарадыё выказвае спачуванні родным, блізкім і сябрам Захара Кудзіна.