Паранены Яраш даў інтэрв'ю: Хочам стварыць паралельны Генштаб (відэа)

Дзмітро Яраш, кіраўнік "Правага сектара", даў інтэрв'ю ўкраінскаму Грамадскаму тэлебачанню. Першае пасля ранення. Як вядома, яго машына ў раёне Данецкага аэрапорта трапіла пад абстрэл "Града" баевікоў. Яраша выратаваў шлем, моцна пацярпела толькі правая рука. У бальніцы ў Днепрапятроўску кіраўніка "Правага сектара" ахоўваюць хлопцы з аўтаматамі.

У інтэрв'ю Дзмітро Яраш гаварыў найперш пра вайну. Паводле яго слоў, "адэкватнасці ў кіраванні войскамі" ён не бачыў, а ўрокаў з Ілавайскай трагедыі (у жніўні 2014-га ўкраінскія войскі там трапілі ў акружэнне) не зроблена дагэтуль. Таму Яраш прапануе, каб на павышэнне ішлі афіцэры, якія паўгода ўжо ваююць і добра ведаюць сітуацыю. Сярод планаў — стварэнне "паралельнага Генштаба".

"Зараз "Правы сектар" — гэта вайскова-палітычны рух, — кажа Дзмітро Яраш. — Ён складаецца з дзвюх частак: палітычная партыя, якая аўтаномна дзейнічае, і добраахвотны ўкраінскі корпус "Правы сектар", які таксама аўтаномна дзейнічае. Кіраўнік каардынуе іх дзейнасць".

"Улада баіцца рэвалюцыі", — перакананы Яраш. Палітык і вайсковец з сумам канстатуе, што ўладная сістэма ва Украіне не змянілася, "яна не адлюстроўвае інтарэсы грамадства, людзей, і задача "Правага сектара" — прапанаваць людзям грамадска-палітычную мадэль". Над ёй цяпер ідзе праца. Праўда, унутранай палітыцы надаецца менш увагі, паколькі галоўная задача — "перамога над знешнім ворагам", і на гэта накіроўваюцца ўсе рэсурсы.

Дзмітро Яраш сам удзельнічаў у баях з баевікамі на Данбасе з лета 2014-га, быў ён і ў Данецкім аэрапорце. Сцвярджае, што сярод украінскіх вайскоўцаў байцы "Правага сектара" маюць аўтарытэт. Іх камандзіры берагуць людзей, навучаюць іх, не кідаюць у бой як "гарматнае мяса", што Ярашу даводзілася бачыць з вайсковымі часткамі пад Данецкам.

"Франтавое брацтва ў бліжэйшы час стане аргументам пэўным і ўнутранай палітыкі. Пэўным стымулам, каб рэвалюцыйныя змены ў дзяржаве адбыліся", — гаворыць Дзмітро Яраш. Ён лічыць, што прэзідэнт Пётр Парашэнка схіляецца да таго, каб дамаўляцца, але ў той жа час ён не супраць, каб "крыху паваяваць, каб падняць стаўкі". Але з Пуціным, лічыць, кіраўнік "Правага сектара", "немагчыма дамовіцца". Таму ён за тое, каб "атакаваць на ўсіх франтах: на дыпламатычным, духоўным, інфармацыйным фронце".

Перамовы па Украіне пройдуць у Мінску 30 студзеня

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі