Партугалія і Уэльс згуляюць у першым паўфінале “Еўра-2016”
Першы матч паўфіналу чэмпіянату Еўропы па футболе пройдзе сёння, 6 ліпеня ў французскім Ліёне. У паядынку сустрэнуцца зборныя Партугаліі і Уэльса. Матч пачнецца ў 22.00, яго наўпроставую трансляцыю можна будзе паглядзець на тэлеканале “Беларусь-1”.
Партугальцы з’яўляюцца дасведчанымі гульцамі, аднак сёлета іх выступ на “Еўра-2016” нельга назваць бліскучым: яны не атрымалі ніводнай перамогі ў асноўны час. На рахунку Партугаліі тры нічыі на групавой стадыі турніру, перамога над харватамі ў 1/8 фіналу ў дадатковы час, а таксама перамога над Польшчай у ¼ фіналу ў серыі пенальці.
Уэльс выступае больш упэўнена: у групе футбалісты каманды перамаглі славакаў і разграмілі расіян, у 1/8 фіналу адолелі Паўночную Ірландыю, а ў ¼ фіналу выбілі з турніру бельгійцаў, якіх лічылі аднымі з фаварытаў “Еўра-2016”.
Другі паўфінал пройдзе заўтра, 7 ліпеня ў Марселі: там Францыя згуляе з Нямеччынай, дзеючым чэмпіёнам Еўропы па футболе.