Партугалія — Іспанія — 3:3. Хет-трык Раналду (відэа)
Другі дзень чэмпіянату свету па футболе закончыўся цікавым матчам зборных Партугаліі і Іспаніі. Ужо на 4-й хвіліне Крышціяну Раналду рэалізаваў пенальці. Іспанцы кантралявалі мяч, партугальцам удавалася бегчы ў контратакі. Нарэшце на 24-й Дыега Коста зраўнівае лік. Зборная Іспаніі мусіла выйграць першы тайм, але яго прайграла — на 44-й хвіліне Дэ Хеа недарэчна прапусціў у сетку мяч пасля нязграбнага ўдару ўсё таго ж Раналду.
У другой палове матчу доўгі час на полі дамінавалі іспанцы, якія даволі лёгка забілі два галы (Дыега Коста на 55-й і Нача Фернандэс на 58-й). Як здавалася, партугальцы ўжо змірыліся з паражэннем. Але на 88-й свой шанец выкарыстаў Крышціяну, які бездакорна выканаў штрафны ўдар — дакладна ў “дзявятку”. Хет-трык! У выніку баявая нічыя — 3:3. Безумоўна, ёй больш радаваліся партугальцы, а ў іспанскіх футбалістаў — расчараванне.
У пятніцу адбыліся яшчэ два матчы: Егіпет (без Салаха) — Уругвай (з Суарэсам) — 0:1, Іран — Марока — 1:0. У групе “В” лідыруе Іран — 3 ачкі, Партугалія і Іспанія маюць па 1, у Марока ачкоў няма.