Паўсотні беларускіх НДА атрымаюць бясплатны піяр
Кампанію па прасоўванні няўрадавых арганізацый у масы распачала “Працоўня сацыяльнай рэкламы”.
“Трэці сектар вельмі шырокі. Яго дзейнасць у Беларусі, нягледзячы на няпростыя для існавання і развіцця ўмовы, даволі разнастайная. Але пра прадукты дзейнасці трэцяга сектара даволі часта ведае 10-20% ад патэнцыйнай мэтавай аўдыторыі”, — расказвае адзін з аўтараў праекта, Юлія Рымашэўская.
9 ліпеня ў офісе адной са шматлікіх арганізацый яна ладзіць прэзентацыю першага праекта — серыі візітовак НДА. Пакуль іх зрабілі для 51 арганізацыі. Картачкі хочуць размясціць на адмысловых стэндах па ўсіх буйнейшых гарадах. Перадусім, у кінатэатрах, бібліятэках, модных кавярнях, у офісах саміх арганізацый.
Візітоўкі атрымалі самыя розныя арганізацыі і кампаніі: “Не - смяротнаму пакаранню”, Праваслаўнае брацтва, ЭкаЕжа, Маладыя сацыял-дэмакраты, дабрачынная крама “Калі Ласка” ды мноства іншых.
Рымашэўская расказвае, што “Працоўня сацыяльнай рэкламы” пакуль не будзе займацца іншымі праектамі. Вырашана давесці да шырокай аўдыторыі гэты, а ўжо потым брацца за новае.
“Адна з праблем трэцяга сектара ў тым, што робіцца якасны і добры прадукт, але ён не даходзіць да мэтавай аўдыторыі. Таму што новыя ідэі з’яўляюцца, таму што мала магчымасцяў у прасоўванні прадукта… І атрымліваецца, што прадукт ёсць, а каэфіцыент карыснай дзейнасці ў выніку нізкі”, — кажа яна.
Як адрэагуюць на новую ініцыятыву бібліятэкі і кінатэатры — пакуль невядома. Аўтары ідэі з візітоўкамі спадзяюцца на лепшае. Тым часам працы ў іх — непачаты край. У Беларусі толькі афіцыйна зарэгістраваных няўрадавых арганізацый — каля трох тысяч. Абраная 51 — гэта кропля ў моры.