Пажар на міні-рынку ў Гродне (фота)
Узгаранне адбылося ўвечары 14 лютага ў адным з павільёнаў.
Увечары 14 лютага ў Гродне гарэў павільён на Грандзіцкім рынку. Пра тое, што з павільёна ідзе дым, ратавальнікам паведаміла жыхарка аднаго з бліжэйшых дамоў.
На месца прыбылі два пажарныя разлікі, аднак для барацьбы з агнём аказалася дастаткова аднаго з іх. Каб ліквідаваць ачаг узгарання, ратавальнікі выразалі частку ралеты на ўваходзе. Агонь пашкодзіў дах і шыльду. Як стала вядома, там прадаваліся інструменты і будматэрыялы.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала кароткае замыканне электраправодкі.