Пажар у зоне ЧАЭС спынілі ў 5 км ад магільніка радыеадкідаў (відэа)
Украінскія ўлады сцвярджаюць, што сітуацыя ўзятая пад кантроль.
Магутны лясны пажар у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны ўдалося спыніць усяго ў 5 кіламетрах ад магільніка радыеактыўных адкідаў і ў 20 кіламетраў ад ЧАЭС. Як паведаміў у сваім Фэйсбуку міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў, увечары аўторка вецер сціх і таму ўдалося хутка лакалізаваць сітуацыю вакол асноўных ачагоў узгарання. Цяпер праваахоўнікі высоўваюць версію падпалу, бо ёсць ачагі ў некалькіх месцах па абодва бакі ракі Прыпяць.
Авакаў паведаміў таксама, што ў раёне пажару ўзмацнілі патрулі і паднялі па трывозе Нацгвардыю і падраздзяленні МУС. “Цяпер падставаў для спалоху і панікі няма. Узялі пад кантроль”, — адзначыў Авакаў.
Пажар, які напярэдадні ахапіў некалькі сотняў гектараў лесу, украінскі міністр унутраных справаў назваў наймацнейшым з 1992 года.
Раней прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк заявіў, што ў чарнобыльскай зоне з-за пажараў не зафіксавана змянення радыяцыйнага фону.
Фота: Reuters