Пазьняк: Апазіцыя адчула, што на яе валяць выбух, і забаялася. Хіба так можна?

Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заклікаў апазіцыянераў не дрыжэць у сувязі з ператрусамі і затрыманнямі, якія праходзяць па ўсёй краіне пасля выбуху 4 ліпеня, і абвінаваціў у арганізацыі выбуху беларускія ўлады. З легендарным старшынём Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянонам Пазьняком мы звязаліся, спрабуючы высветліць да якой палітычнай апазіцыйнай арганізацыі належыць затрыманы на тры дні ў сувязі з выбухам Ігар Корсак. За свайго яго прызнаў толькі Пазьняк:

"Так, ён ёсць родзіч члена нашай партыі".

Пра затрыманне Корсака сёння паведаміла Радыё Свабода. Падчас ператрусу ў яго кватэры знайшлі пакет з балтамі і гайкамі. Ігар Корсак паспеў патэлефанаваць і паведаміў, што яго падазраюць у вырабе выбуховага прыстасавання.

Пазьняк мяркуе, што ў тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, няма нічога новага:

"Нічога тут новага, гэта звычайная аперацыя спецслужбаў, якая ажыццяўляецца зараз. Будуць шукаць гайкі, пакеты, парашкі мыльныя, што хочаш. І вядома будуць шукаць у людзей, у якіх родзічы з апазіцыі, родзічы Пазьняка ці яшчэ каго".

Зянон Пазьняк перакананы, што цяпер галоўнае - даваць людзям аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі апошніх дзён:

"Яны хочуць людзей запалохаць, каб людзі не займаліся выбарамі, а займаліся ерундой. "Вешаюць усялякіх сабак" на людзей, займаюцца "паляваннем на ведзьмаў". Гэта тыповая работа ўсіх рэжымаў, тым больш НКВД".

Кіраўнік КХП-БНФ лічыць, што мы сталі сведкамі рэалізацыі "падрыхтаванай аперацыі". “Той хто трымае ўладу, той яе і падрыхтаваў, - кажа Зянон Пазьняк. - Каб не даць людзям займацца выбарамі, а зрабіць выбары свае. Гэта іхны почырк". Разам з тым Пазьняк перакананы, што апазіцыянерам нельга паддавацца страху, які могуць выклікаць шматлікія ператрусы, затрыманні і допыты:

"Гэтыя людзі, якія ў апазіцыі, яны адчулі, што на іх будуць валіць усё. І пачалі дрыжэць, пачалі баяцца. Хіба так можна сябе паводзіць?".

У той жа час Пазьняк выказаў меркаванне, што ў спецслужбаў, якія, на яго думку, арганізавалі выбух, "ужо ёсць чалавек, якога яны падрыхтавалі на вінаватага". "Гэта іхні "свой" чалавек, - кажа Пазьняк. - Магчыма, яны яго "выявяць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі