"Перспектыва": Многія прадпрымальнікі прыпыняць працу з 2 ліпеня

Паводле інфармацыі актывіста рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Вячаслава Піліпука, збіраюцца прыпыніць працу прадпрымальнікі гандлёвых цэнтраў і рынкаў Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, Слоніма, Пінска, Светлагорска. А індывідуальныя прадпрымальнікі Баранавічаў прыпынілі працу ўжо 1 ліпеня і арганізавалі стыхійны сход каля будынка гарадской падатковай інспекцыі.


Таксама беларускія прадпрымальнікі працягваюць несці падаткавікам "нулявыя дэкларацыі", якія пацвярджаюць адсутнасць руху сродкаў па іх рахунках. "Такая сітуацыя захаваецца, пакуль беларускія ўлады заканадаўча не ўлічаць інтарэсы прадпрымальнікаў", — цытуе словы Піліпука БелаПАН.

"Перспектыва" падала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 15 ліпеня ў сталіцы марша прадпрымальнікаў і мітынга.
 

Нагадаем, прадпрымальнікі хочуць, каб улады скарэктавалі пастанову ад спрашчэнні парадку сертыфікацыі тавараў і дазволілі іпэшнікам цягам года працаваць без суправаджальных дакументаў. Згаданую пастанову падпісалі 21 чэрвеня шэраг ведамстваў. Згодна з гэтым дакументам для прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку спрашчаецца працэдура сертыфікацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Пры гэтым прадпрымальнікі павінны падаць суправаджальныя дакументы на тавар. Але раней згодна з беларускім заканадаўствам, іпэшнікаў вызвалілі ад неабходнасці мець такія дакументы, таму прынятая пастанова не вырашае іх праблемаў.

У аўторак, 2 ліпеня, на волю мусіць выйсці лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, які быў затрыманы 27 чэрвеня, у дзень правядзення папераджальнага страйку, і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзенне "несанкцыянаванай акцыі".
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі