"Прадпрыемствы не працуюць, людзі на лецішчах, таму акцый не будзе"

Напярэдадні 1 траўня Еўрарадыё пацікавілася, як незалежныя прафсаюзы і апазіцыянеры збіраюцца адзначыць Свята працы
Большасць прафсаюзных лідэраў і кіраўнікоў партый заявілі, што не будуць праводзіць вулічных акцый на 1 траўня.

Сустаршыня незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандр Бухвостаў распавёў Еўрарадыё, што вулічную акцыю праводзіць не будуць, бо не змогуць сабраць людзей.

Аляксандр Бухвостаў: “Мы прафсаюзам у гэты раз нічога праводзіць не будзем. Гэта звязана з тым, што мы не можам правесці масавую акцыю, а такую невялікую... проста лічым, што зараз нельга праводзіць. Па-першае, прадпрыемствы стаяць, не працуюць, па-другое, з’ехалі многія на лецішчы, адным словам адсутнічае шмат нашых людзей”.

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, кажа, што, магчыма, у рэгіёнах акцыі і будуць, аднак якія канкрэтна сказаць не можа. У сталіцы ж ніякіх акцый прафсаюзы праводзіць не збіраюцца:

Аляксандр Ярашук:
“Мы прынялі рашэнне, у адпаведнасці з тым, што нашыя асноўныя арганізацыі ў рэгіёнах, што кожная з іх плануе самастойна, якія мерапрыемствы ў гэты дзень яны будуць ладзіць і ў якіх прымаць удзел. Вельмі мала нашых арганізацый у Мінску для таго, каб мы маглі самадастатковую акцыю нейкую ўчыніць. Мы лічым, што нашыя арганізацыі маюць поўнае права дзейнічаць самастойна ў адпаведнасці з той сітуацыяй, якая ў іх там узнікла".

Дарэчы, у рэгіёнах мясцовыя ўлады не вельмі прыхільна ставяцца да таго, што побач з афіцыйнымі святкаваннямі Дня працы могуць адбыцца і неафіцыйныя. Напярэдадні стала вядома, што брэсцкія ўлады забаранілі правядзенне акцый на 1 траўня, якія планавалі мясцовыя філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі камуністаў беларускай. Тым не менш, у некаторых гарадах (у Гомелі, Магілёве) пройдуць маёўкі.

Мікалай Статкевіч, старшыня аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, збіраўся ўдзельнічаць, пачынаючы з 1 траўня, у акцыі салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Аднак у чацвер стала вядома, што праз адсутнасць памяшкання правядзенне галадоўкі адмененае. Іншых акцый Статкевіч і яго прыхільнікі праводзіць не будуць, каб зберагчы сілы да акцыі “За Незалежнасць”, якая запланаваная на 14 траўня.

Мікола Статкевіч: “Мы не планавалі вулічных акцый таму, што мы падтрымалі ініцыятыву "Маладога фронту", нашага партнёра па "Еўрапейскай кааліцыі", 14 траўня правесці марш “За Незалежнасць”. Мы проста ўжо маем досвед, калі людзей на нашых акцыях, як у мінулым годзе, затрымоўваюць. Аказваецца, што ім завочна выносяць прысуды і перад нейкімі іншымі акцыямі іх прэвентыўна затрымоўваюць і саджаюць на сем сутак ці колькі".


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі