Прадпрымальнікі: “У Маскве нам прадаюць сертыфікаты, але яны фальшывыя”

На сайце Дзяржстандарта Еўрарадыё знаходзіць спіс дэкларацый і сертыфікатаў, якія нехта атрымаў. Там можна адшукаць сертыфікат на сваю прадукцыю і карыстацца.

"Вы раздрукоўваеце і маеце на сваім працоўным месцы. Такая спрошчаная сістэма будзе дзейнічаць да… 1 ліпеня 2014 года", — у Дзяржстандарце пра адтэрміноўку кажуць упэўнена. Гэта нягледзячы на заяву Пятра Пракаповіча, што дакументы пачнуць патрабаваць з прадпрымальнікаў 1 снежня. Але, як даведалася Еўрарадыё, з 1 лістапада ўжо пачаўся маніторынг прадпрымальнікаў, як яны выконваюць спрошчаную сістэму.

"Гэта ацэнка сітуацыі. Калі будзе знойдзена парушэнне, то прадпрымальніку дадуць рэкамендацыі, як яго выправіць, і тэрмін на выпраўленне. Калі ён гэтага не зробіць, то ўжо могуць узбудзіць праверку", — гавораць нам у Дзяржстандарце.

Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць дакументы на тавар амаль немагчыма, а прайсці сертыфікацыю у лабараторыі яны не супраць.

"Сертыфікацыю мы рабіць гатовыя. Мы ж раней рабілі гігіену, калі нас абавязвалі. Але ўсё ўпіраецца ў дакументы на тавар. Нам іх не даюць у Маскве на рынку, дзе закупляемся. Хаця там па законе таксама павінны быць. Там прадаюць гатовы пакет дакументаў, але яны ж фальшывыя... З іншага боку, мы возім серыю, а не партыю. У серыі чатыры адзінкі. Адну трэба аддаць на экспертызу і заплаціць. Гэтым няма сэнсу займацца, гэта нерэнтабельна".

Але ж некаторыя прадпрымальнікі атрымоўваюць дэкларацыі адпаведнасці і сертыфікаты. Гэтым годам іпэшнікам выдалі больш за 200 сертыфікатаў і каля 700 дэкларацый.

Сёння атрымаць дэкларацыю каштуе ад 2 мільёнаў рублёў. Напрыклад, экспертыза партыі абутку каштуе 1,5-2 мільёны. І яшчэ 500 тысяч рэгістрацыя самой дэкларацыі.

Лабараторый, дзе можна прайсці экспертызу, у Беларусі 35, а яшчэ 18 праводзяць экспертызы тавару, які будзе прадавацца толькі ўнутры краіны. У некаторых мінскіх лабараторыях нават сёння ёсць невялікія чэргі.

Лабараторыя "Цэнтра навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці" заключае дамову з кліентамі на 20 працоўных дзён, то бок фактычна месяц прадпрымальніку трэба чакаць вынікаў і не прадаваць тавар:

"Мы стараемся ўкладацца ў гэтыя тэрміны. На працягу месяца мы гэтыя працы завяршаем".

Дэклараванне праходзіць хутчэй, чым сертыфікацыя, бо пасля выпрабаванняў, прадпрымальнік сам запаўняе дэкларацыю, рэгіструюць яе за два дні. У выпадку сертыфікацыі, вынікі лабараторных даследаванняў са стандартамі звяраюць спецыялісты.

Бывалі выпадкі, калі прадпрымальнікі аддавалі тавар на экспертызу, плацілі грошы, але сертыфікат не атрымлівалі.

"Вядома бываюць такія выпадкі, што тавар не адпавядае патрабаванням. Але таму мы і працуем для абароны спажыўцоў", — кажуць Еўрарадыё ў Дзяржстандарце.

Выйсцем для прадпрымальнікаў можа быць стварэнне аптовых паставак з ужо гатовымі дакументамі, ці калі дакументы пачнуць выдаваць у Маскве на рынках. Але ў гэта мала хто верыць. А што згубіць Беларусь, калі гандляры знікнуць з рынкаў? Чэргі на мяжы дакладна стануць даўжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі