Праезд і жыллё для ўдзельнікаў "Славянскага базару" каштуе больш за $100 тысяч
Стала вядома, колькі будуць каштаваць пражыванне і перавозкі ўдзельнікаў XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Адпаведны тэндар на закупку паслуг абвясціў цэнтр культуры "Віцебск".
Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", на аплату гатэляў для ўдзельнікаў фэсту сёлета плануецца выдаткаваць 130 000 рублёў (крыху менш за 70 тысяч долараў). Для "Славянскага базару" мяркуецца арандаваць 17 нумароў-"люкс", 7 апартаментаў, 223 аднамесныя, 241 двухмесны і 28 трохмесных нумароў. Агулам будзе 516 нумароў з 823 ложка-месцамі.
Таксама па заяўках дырэкцыі фэсту пры неабходнасці трэба будзе прадаставіць яшчэ 950 ложка-месцаў. Такім чынам, браніруецца 516 нумароў і 1773 ложка-месцы. У параўнанні з мінулым годам гэтыя лічбы не змяніліся.
Перавозка ўдзельнікаў "Славянскага базара" па Віцебску будзе каштаваць 42 тысячы рублёў, а міжгароднія і міжнародныя перавозкі — 22 тысячы рублёў. Па Віцебску перавозіць іх будуць 22 аўтобусы рознай ёмістасці, а ў міжгародніх перавозках — 17 аўтобусаў.
Гэтыя паслугі фінансуюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.