Праслухоўванне ахвочых паехаць на "Еўрабачанне" прызначанае на 11 студзеня

Праслухоўванне ахвочых паехаць на "Еўрабачанне" прызначанае на 11 студзеня

11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі пройдзе праслухоўванне ахвочых паехаць на "Еўрабачанне-2018". Сайт www.tvr.by будзе весці онлайн-трансляцыю са студыі , паведамляе прэс-служба медыяхолдынга.

Праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку. Канкурсантам дазволена выступаць пад "мінус" — фанаграму без вакальных партыяў.

Да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, якія здолелі аформіць заяўкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі палажэння аб конкурсе. Па стане на 26 снежня ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 30 заявак. Сярод канкурсантаў неаднаразовыя ўдзельнікі нацыянальных адбораў: Жанет, ALEN HIT, KATTIE, гурт PROVOCATION, Аляксандра Ткач і іншыя. 26 снежня — апошні дзень, калі можна падаць заяўку на ўдзел у конкурсе. 

"Варта адзначыць, што традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні прыёму заявак, і гэты год не стане выключэннем. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору", — каментуе параўнальна нізкую (пакуль) сёлетнюю актыўнасць поп-артыстаў прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

11 студзеня журы абярэ не больш за 15 фіналістаў, якія не пазней за 1 сакавіка 2018 года выступяць перад публікай ужо ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, будзе афіцыйным прадстаўніком Беларусі на конкурсе "Еўрабачанні 2018" у Лісабоне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі