Праз падзенне расійскага рубля магчыма падзенне і нашага на 15-20%

Расійскі рубель у аўторак прабіў падчас таргоў на Маскоўскай біржы адзнаку ў 60 рублёў за долар. Сёння расійскі рубель крыху ўзмацніўся да замежных валют. Курс долара складае 59,7 рубля, еўра — 66 рублёў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што падзенне расійскага рубля стварае перашкоды на шляху нашага экспарту ў Расію.

“Беларускі экспарт становіцца менш эфектыўным, менш выгадным для нашых вытворцаў, калі абясцэньванне беларускага рубля адстае ад абясцэньвання расійскага ў дачыненні да долара”.

Леанід Злотнікаў

Але гэтае падзенне расійскай валюты не будзе так моцна ўплываць на нашу эканоміку, як у другой палове мінулага года. Праз тагачасную дэвальвацыю ў суседняй краіне адбылося падзенне беларускага экспарту, крызіс неплацяжоў, зніжэнне рэальных даходаў і попыту насельніцтва, рост коштаў і няпоўнай занятасці.

Аналітык мяркуе, што цяпер можна было б праводзіць дэвальвацыю на 15-20%, бо мы не паспяваем за расійскім рублём.

Эканаміст “Ліберальнага клуба” Антон Болтачка кажа, што ў краіне, у якой дзейнічае сістэма курсаўтварэння па прынцыпе бесперапыннага двайнога аўкцыёна, дэвальвацыя ці ўмацаванне нацыянальнай валюты адбываецца пастаянна.

Калі расійскі рубель будзе паскараць сваё падзенне, магчымы наступны сцэнар:

“У кароткатэрміновай перспектыве наш рубель “прасядзе” ў дачыненні да долара і еўра, але ўзмоцніць свае пазіцыі ў дачыненні да расійскай валюты. У доўгатэрміновай перспектыве, калі зваліцца наш экспарт, тады і беларускі рубель будзе падаць нават хутчэй за расійскі”, — кажа эканаміст “Ліберальнага клуба”. 

Антон Болтачка

На думку эканамічнага аглядальніка “БелГазеты” Сяргея Жбанава, расійскі рубель працягне падзенне. Яно абумоўлена шмат якімі фактарамі, але галоўныя — цэны на нафту і закупка расійскім Цэнтрабанкам валюты на 200 млн штодня.

Эксперт мяркуе, што ў Беларусі дэвальвацыя, хутчэй за ўсё, не адбудзецца да выбараў. Верагодна, улады правядуць яе ў кастрычніку-лістападзе. “Тады варта чакаць зніжэння рубля недзе на 20%”, — кажа Сяргей Жбанаў.

Фота: realt-mdom.biz, websmi.by, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі