Прэзідэнт Турцыі Эрдаган памоліцца ў мінскай мячэці

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган памоліцца ў мінскай мячэці

Мячэць, якую будавалі на мінскай вуліцы Грыбаедава 13 гадоў, 11 лістапада ўрачыста адкрыюць Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган. Адкрыццё запланавана на 12-ю гадзіну дня. У мячэці чакаюць каля 800 чалавек, сярод якіх турэцкія бізнэсоўцы і прадстаўнікі ўсіх беларускіх рэлігійных канфесій.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Беларусі, муфцій Абу-Бекір Шабановіч.

Абу-Бекір Шабановіч: “Заўтра свяшчэнны дзень тыдня для ўсіх мусульман свету. З гэтым супадае адкрыццё мячэці. На адкрыццё запрошаныя прадстаўнікі мусульманскіх абшчынаў, прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай царквы, іўдзеі. Гэта важная падзея для беларуска-турэцкіх адносінаў. Будзе падпісаны шэраг дакументаў”.

За дзень да адкрыцця каля мячэці і ўнутры яе кіпіць праца: некалькі чалавек чысцяць снег на вуліцы, унутры ўпрыгожваюць інтэр'ер мячэці. Чакаецца, што прэзідэнт Турцыі прыме ўдзел у малітве пасля афіцыйнага адкрыцця.

Мячэць у Мінску пабудавалі пры дапамозе турэцкага міністэрства рэлігійных спраў і дабрачыннага рэлігійнага фонду. Яна разлічаная на 1500 чалавек.

Раней ў Мінску ўжо існавала мячэць, якую пабудавалі ў 1890 годзе сіламі мусульманскай абшчыны. Але яна была разбураная за часы савецкай ўлады дзеля будаўніцтва гасцініцы "Юбілейнай".

 

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган памоліцца ў мінскай мячэці
А так выглядала знесеная мячэць. Фота: К. Шастоўскі, radzima.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі