Расія нанесла чарговы ракетны ўдар па Украіне
Ракета трапіла ў жылы дом у Кіеве / Reuters
15 лістапада Расія нанесла чарговы ракетны ўдар па Украіне. Выбухі прагучалі ў Кіеве і ў некалькіх абласцях краіны — Кіеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Львоўскай і іншых. Па ўсёй тэрыторыі Украіны была аб'яўлена паветраная трывога. Працавала ўкраінская сістэма супрацьпаветранай абароны, але ўдалося збіць толькі частку ракет.
"Атака на сталіцу, — піша мэр Кіева Віталь Клічко. — У Пячэрскім раёне патрапленні, паводле папярэдняй інфармацыі, у два жылыя будынкі. Некалькі ракет збіла СПА над Кіевам".
Запуск ракет Х-101 адбываўся з самалёта Ту-95 з раёна Валгаграда і Астрахані.
"Удары па крытычнай інфраструктуры Украіны падчас саміту на Балі, дзе абмяркоўваюцца мірныя перамовы, — сімвал правалу расійскай дыпламатыі і банальная помста крамлёўскага ізгоя за паразу ў Херсоне. Той, каму не знайшлося месца ў коле цывілізаваных краін, заняўся звыклым варварствам", — піша палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.