Расійская ботаферма — за Бацьку, Беларусь і Крывашэева
Чароўныя найміткі агітуюць за Бацьку
Робаты атакуюць акаўнт палітычнага аглядальніка БТ Андрэя Крывашэева ў Facebook. Пад ягоным допісам з "сакрэтным" дакументам пра рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў 76% — дзясяткі каментароў падтрымкі і любові ў духу "за Бацьку!" і "Лукашэнка — мой прэзідэнт", напісаных з фэйкавых старонак.
Тут ёсць важны нюанс: у Беларусі ніхто не называе Лукашэнку Бацькам — гэта чыста расійская фішка. І боты, якія каментуюць Крывашэева, — таксама расійскія. Праект iSANS выявіў, што з гэтых жа акаўнтаў раней пакідалі дзясяткі каментароў у падтрымку дэпутата Дзярждумы Расіі Леаніда Слуцкага.
Мы і раней знаходзілі расійскіх ботаў, якія арудавалі ў беларускім сегменце Фэйсбука. Іх можна апазнаць па падобных кароткіх каментарах і бясконцых рэпостах у стужках.
Вось дзяўчына на імя Марынка. Месцам жыхарства пазначаная Патая (Тайланд), але пад пастом Андрэя Крывашэева яна сцвярджае, што яе прэзідэнт — Лукашэнка. Зразумела, фатаграфіі на старонцы ў Марынкі стокавыя, а інфармацыя пра сябе наўрад ці адпавядае рэчаіснасці.
Крыху ніжэй у каментарах нейкая спадарыня Арлова выступае з лозунгам "За Бацьку!”. Карыстальнік Фэйсбука слушна задае пытанне — а дзе ваш бацька? Але адказ ён наўрад ці атрымае, таму што Святлана — бот. Вокладка профілю старонкі выкананая ў характэрным імперскім стылі — мядзведзь з узброенымі людзьмі на фоне расійскага сцяга.
Боты Каця Валынская, Марынка Крылова і Вікторыя Громава, якія пакінулі хвалебныя каментары пад допісам Крывашэева, нядаўна "адпрацоўвалі заказ" па прасоўванні браўзера Brave. А крыху раней рэпосцілі кантэнт са старонкі расійскага дэпутата Леаніда Слуцкага, кіраўніка камітэта Дзярждумы ў міжнароднай палітыцы.
Вось яшчэ адзін прыклад — "Ірына Весялова з Краснаярскага краю". Акрамя актыўных рэпостаў са старонкі Слуцкага, які выступае за адзіны беларуска-рускі народ, Ірына таксама агітуе "за бацьку" і рэкламуе браўзер.
Аналітыкі iSANS заўважаюць, што з больш чым сотні шэраў нядаўняга FB-паста Слуцкага пра "звярыны эгаізм" ЗША па чатыры зрабілі ФБ-акаўнты "Yuriy Harkusha" і "Алена Козачкіна", тры — "Ірына Юр'ева", па два — "Ганна Весялова" і "Irina Veselova", па адным — "Уладзімір Чабан" і "Sania Smagina".
Усе гэтыя акаўнты адзначыліся пад допісам Крывашэева такімі выказваннямі: "За бацьку!", "АРЛ па-за канкурэнцыяй!" і г.д. Аднатыпныя "прыхільнікі Лукашэнкі" пад допісам Крывашэева як мінімум 17 разоў падзяліліся антыамерыканскім допісам Слуцкага. Ды і іншыя яго допісы яны шэрылі неаднаразова. І не толькі яны: ботаў, якія "працуюць" і на расійскага дэпутата, і на беларускага прапагандыста, нашмат больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.